'дзядуля', «бабуля», 'дзядзька', але ад гэтых словаў страх не паменеў; i ён шукаў новых словаў: «дынамiка» i «дынамiт», 'бiльярд' i «ветлiвасць», 'шнары на спiне', «каньяк» i «цыгарэты»; чырвонае па зялёным, белае па зялёным, але страх не меншаў; мажлiва, яго крыху ўтаймуюць якiя-небудзь дзеяннi? Ён адчынiў акно, зiрнуў зверху на тлум з яго аднастайным мapмытаннем; цi была ў гэтым мармытаннi пагроза альбо дружалюбнасць? Феерверк на фоне цёмна-сiняга неба; удары грому, з якiх выпырхвалi агромнiстыя кветкi, памаранчавыя снапы, падобныя да рук, якiя хочуць нешта схапiць; вокны зачыненыя; ён пагладзiў рукой па фiялетавай лiўрэi, што вiсела на вешаку перад дзвярыма, адчынiў дзверы ў калiдор; нават тут, наверсе, адчувалася хваляванне: 'Цяжка паранены ў нумары 211!' Гоман галасоў, крокi ў адзiн i другi бок, уверх i ўнiз па сходах, i адзiн i той жа пранiзлвы голас палiцэйскага: 'Прашу, адыдзiцеся! Прашу, адыдзiцеся!'

'Адыдзiцеся! Адыдзiцеся!' Гугу стала страшна, i ён прашаптаў: 'Бацька…' Дырэктар тады сказаў: 'Нам цябе будзе бракаваць, цi гэта так неабходна? Гэтак раптоўна?'; а ён уголас не адказаў, а толькi падумаў: гэта неабходна — гэтак раптоўна, бо час наспеў, i калi Ёхэн паведамiў навiну пра замах, дырэктар забыўся на сваё здзiўленне з прычыны ягонага звальнення; дырэктар успрыняў Ёхэнава паведамленне не з жахам, а з захапленнем, не затрос засмучона галавою, а пачаў пацiраць рукi. 'Вы нiхто не можаце сабе ўявiць. На гэткiм скандале гатэль можа цудоўна выйграць. Пасыплюцца буйныя загалоўкi ў газетах. Забойства — гэта табе не самазабойства, Ёхэн… а палiтычнае забойства — не абы-якое. Калi ён не памёр, мы павiнны ўдаваць, што ён ужо нежывы. Вы не можаце сабе ўявiць, тут трэба абавязкова ўвярнуць радок: 'Iдзе змаганне са смерцю'; усе тэлефоны ад гэтай хвiлi прашу пераключаць на мяне, каб хто-небудзь з вас не сказаў якога глупства. Божа мой, не рабiце гэткiх няшчасных твараў. Быць спакойнымi, мець на твары выраз лёгкага спачування, якi бывае ў людзей, што мусяць перажываць чыюсьцi смерць, але цешацца са спадчыны, якая iх чакае. Давайце, хлопцы, за працу! Зараз нас засыплюць тэлеграфнымi заказамi на нумары. I трэба ж, акурат пан М.! Вы сабе не ўяўляеце, што гэта значыць! Каб толькi тут не ўлезла якое- небудзь самазабойства. Прашу зараз жа затэлефанаваць у адзiнаццаты пакой: няхай той пан злуецца, няхай нават пакiне наш гатэль — д'ябал, ад феерверку ён павiнен быў бы прачнуцца! Наперад, за зброю, хлопцы!

'Бацька, — падумаў Гуга, — ты павiнен прыйсцi па мяне, яны зараз мяне не пусцяць у дзвесце дванаццаты'.

Успышкi дрыготка паблiсквалi ў запоўненай шэрым паўзмрокам лесвiчнай клетцы; паявiўся асветлены чатырохкутнiк лiфта, якi прывёз гасцей у нумары 213–226; гэтыя госцi мусiлi падымацца на чацвёрты паверх i сыходзiць службовымi сходамi, бо на другiм паверсе выхад перагароджваў палiцэйскi кардон; з адчыненых дзвярэй лiфта даносiўся гучны гоман; цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, збянтэжаныя твары; губы, якiя вымаўляюць словы: 'Хто б мог падумаць!' i — 'Скандал!'; Гуга занадта позна замкнуўся знутры ў сваiм пакоi: яна прыкмецiла яго i ўжо бегла па калiдоры; ён яшчэ паспеў павярнуць ключ, i клямка пачала хадзiць туды-сюды.

— Адчынi, Гуга, — прасiла яна, — адчынi ж!

— Hе адчыню.

— Гэта мой загад!

— Я ўжо чвэрць гадзiны, як не служу ў гэтым гатэлi.

— Ты сыходзiш адгэтуль?

— Сыходжу.

— Куды?

— Да свайго бацькi.

— Адчынi, Гуга, ну, адчынi; я не буду табе рабiць балюча, анi палохаць цябе; ты не можаш пакiнуць гэтае месца; я ведаю, што ў цябе няма бацькi, я дакладна гэта ведаю; ты мне патрэбны, Гуга; ты — той, каго яны чакаюць, Гуга, i табе гэта вядома; ты зможаш убачыць увесь свет, i ў самых лепшых гатэлях усе будуць цалаваць табе ногi; табе не трэба будзе нiчога казаць, толькi выходзiць да iх; твой твар, Гуга… хадзем, прашу цябе; адчынi; ты не можаш пакiнуць гэтае месца.

Рэзкае соўганне клямкi перапыняла яе казань, ставiла цэзуры ў гучаннi яе голасу, поўнага мальбы.

— …Гэта напраўду не я, Гуга; забудзься, пра што я казала i што рабiла; гэта была роспач… хадзем, дзеля iх усiх; ты — нашая авечка…

Яшчэ адно соўганне клямкi.

— Што Вам тут трэба? — спытала яна.

— Мне патрэбны мой сын.

— Гуга — Ваш сын?

— Менавiта. Гуга, адчынi.

'Першы раз не сказаў 'калi ласка', — падумаў Гуга; ён павярнуў ключ у замку i адчынiў дзверы.

— Хадзем, хлопча, пойдзем адсюль.

— Добра, бацька, iду.

— Болей рэчаў у цябе няма?

— Hе.

— Хадзем.

Гуга падняў свой чамаданчык i быў рады, што бацькава спiна засланiла твар авечай капяланкi. Ён яшчэ пачуў, як яна заплакала, калi яны абодва iшлi па службовых сходах.

— Hе плачце, дзецi, — сказаў стары Фэмель, — яна ж вернецца i застанецца ў нас; яе б вельмi засмуцiла, калi б яна даведалася, што мы дазволiлi вiну зрабiцца кiслым; ён цяжка паранены, i я спадзяюся, што вялiкае здзiўленне ўжо нiколi не знiкне з яго твару; яны ўсе лiчаць сябе неўмiручымi, i гэткi цiхi i сухаваты гук можа зрабiць цуды. Дзяўчаты, паклапацiцеся, калi ласка, пра падарункi i кветкi; Леанора зоймецца кветкамi, Рут — вiншавальнымi паштоўкамi, Марыяна — падарункамi. Парадак гэта палавiна жыцця… з чаго можа складвацца другая палавiна? Нiчога з сабою не зраблю — не магу быць сумны. Гэта — вялiкi дзень: ён вярнуў мне маю жонку, падарыў мне сына — цi можна мне так называць Вас, Шрэла? — брата Эдыт; нават унука я займеў, праўда, Гуга? Я ўсё нiяк не наважуся сапраўды называць цябе ўнукам; хоць ты i сын майго сына, але ж не мой унук; не магу растлумачыць, якi голас мне гаворыць не называць цябе сваiм унукам?

Сядайце, дзяўчаты зробяць нам бутэрброды; рабуйце кашы з далiкатэсамi, дзецi, i не паперакульвайце тых стосаў, якiя ўпарадкавала тут Леанора; лепш за ўсё няхай кожны сядае на асобны год: бярыце сабе стос «А», Шрэла: ён самы высокi; Роберт, цi можна прапанаваць табе стос '1910 год', другi па вышынi? Ёзэф, выберы сабе якi-небудзь iншы, '1921 год' неблагi. Ну вось, добра, цяпер сядайце. Першы глыток вып'ем за пана М. - каб з ягонага твару нiколi не знiкла здзiўленне; другi глыток — за маю жонку: няхай Бог благаславiць яе памяць. Калi ласка, Шрэла, не маглi б Вы паглядзець, хто гэта там стукае ў дзверы?

А, вядомы нам спадар Грэц жадае выказаць мне свае ўшанаваннi? Спадзяюся, ён не прынёс дзiка з сабою на карку? Hе? Дзякуй Богу. Калi ласка, Шрэла, скажыце яму, што прыняць яго не магу; цi, можа, ты мяркуеш, Роберт, што цяпер адпаведны дзень i адпаведны час, каб прыняць вядомага нам пана Грэца? Праўда, што не? Дзякуй, Шрэла. У гэты дзень i ў гэты час належыць адмовiцца ад непраўдзiвых суседскiх пачуццяў; два словы могуць каштаваць жыцця: 'Грэх i ганьба', — сказала старая фраў Грэц; жэст рукi можа каштаваць жыцця, i адно няправiльна зразуметае прыжмурванне вока; ага, Гуга, прашу, далi мне вiна — спадзяюся, ты не пакрыўдзiшся, калi мы тут, у сямейным коле, ацэнiм i выкарыстаем набытае табою ўменне абслугоўваць клiентаў.

Пастаў спакойна гэтыя вялiкiя букеты перад малюнкам абацтва, меншыя — з абодвух яго бакоў, на палiцу з планамi; ты можаш пазнiмаць i выкiнуць гэтыя скруткi: у iх нiчога няма, яны тут як дэкарацыi; хiба што сярод нас ёсць нехта, хто мае намер яшчэ выкарыстаць гэтую каштоўную паперу? Можа, ты, Ёзэф? Чаму ты гэтак нязручна сеў? Ты ўзяў сабе 1941 год — гэта зусiм танюткi стос, хлопча. 1945 год быў бы лепшы, заказы тады сыпалiся, нiбы град — амаль як у 1909 годзе, але я адмовiўся ад iх, хлопча. Слова «sorry» забiла ўва мне ахвоту займацца будаўнiцтвам. Рут, складзi вiншавальныя паштоўкi i тэлеграмы на маiм рысавальным стале; я распараджуся надрукаваць адказы з падзякай, а ты дапаможаш мне заадрасаваць iх; за гэта я куплю табе што-небудзь прыгожае ў фраў Горушкi; якi будзе тэкст гэтых адказаў? 'Гэтым выказваю сваю самую сардэчную падзяку за Вашыя вiншаваннi з нагоды майго васьмiдзесяцiгадовага юбiлею'. Можа, да кожнай падзякi далучыць уласнаручны малюнак — што ты думаеш наконт гэтага, Ёзэф? Якога-небудзь пелiкана цi вужакi — а што, калi б гэта быў бык? Калi ласка, Ёзэф, паглядзi, хто там яшчэ так позна хоча

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату