над ба-лацявінай на тоненькай дымнай сцяблінцы хутка зніжалася
ў небе чырвоная кветка сігнальнай ракеты.
Яна яшчэ не патухла, як Жаркоў адчуў, што нейкае гарачае полымя апаліла яго нутро, бы маланка асвяціла ў хлопцавай галаве думку, што самы рашучы момант настаў.
Адштурхнуўшыся ад долу здаровай рукой, ён ускочыў
у рост, выхапіў з кірзавае кабуры свой наводчыцкі наган і закрычаў лютым і вельмі натужным голасам:
? Уста-а-а-аць! Усе-е-е! У ата-а-аку-у-у-у!
Ён прыгнуўся, напружыўся, як спружына, скочыў на ўзмежак, сігануў цераз канец перабітай жардзіны, стрэліў у гулкую ад выбухаў цемру. І ў той жа момант над гародамі і ўз-межкам павіслі ў небе адразу аж тры ракеты. Ён болей адчуў, чым убачыў, як матлянуліся ля яго гарачыя трасы ? ля галавы, пад рукамі, паўз ногі, ? хлопец на секунду разгублена спатыкнуўся і зірнуў на свой фланг. Толькі адзін чалавек там няспрытна пералазіў цераз плот, астатнія ж, пэўна, ляжалі, бо болей ва ўсім прасцягу ля балацявіны нідзе нікога не было відаць.
Невядома чаму ? ці можа ад той мільготкай кулявой небяспекі, што стрэла яго, ці ад думкі, што каманда не дайшла да ўсіх і атака сарвалася, ? ён упаў на мулкія глыжы леташняга бульбянішча, і панылае, гаротнае і вельмі крыўднае пачуццё ўсё болей і болей, бы вада за колам каляіну, пачала залі-ваць яго.
«От усё!.. Накамандаваў!»
Некалькі часу ён нерухома ляжаў пад нязносным святлом ракет, адчуваючы, як халадзее, дубее ад крывавай макрэдзі яго рука, калі ж глухая, чорная, як каламазь, цемра ўпала вакол, вобмацкам ссунуўся назад за ўзмежак і крыкнуў Тара-сікаву:
? Тарасікаў, агонь! Агонь… такую тваю!..
Затым, лаючыся і некалькі разоў стрэліўшы ў паветра і ўжо зусім не прыгінаючыся, ён кінуўся па-над плотам і закрычаў што было сіл усім, хто мог чуць яго ў гэтай счарнелай глухой цемрадзі:
? Упярод!!! Упярод!!! ? і агідна, невядома як лаяўся.
Вакол джгалі трасы ? збоку, зверху, пад ногі, ? але Жаркоў не зважаў на іх, яго аглушыла, апаліла адно толькі адчуванне таго, што калі ён не ўзніме ўсіх на кароткі рывок, то здарыцца вялікая, непапраўна- жахлівая бяда. Ён у той час не ведаў, якая яна і ў чым менавіта была тая бяда, але ўсім сваім адчуваннем згадваў, што паратунак ад яе ў рашучым скачку наперад, у ноч, на кулямёты. Аб сабе ён не думаў. Сваё маленькае нязначнае жыццё было дужа нязначным, квёлым і слабым
у параўнанні з тае блізкай і страшнай пагрозай бяды.
У ап’янелым сваім парыве ён то бег, то падаў і нават не заў-важыў, як дол ажно асвяціўся ад згусцелых, мнагаярусных трас, як па ўзмежку люта сыпанулі сіняватыя клубкі маленькіх злых трэскавак ? разрыўных чэрг. І раптам, калі ён упаў
і зноў паімкнуўся ўскочыць, нехта дужа тузануў яго за палу шыняля, хлопец прысеў, азірнуўся і ўпершыню зразумеў, што пазбег блізкай і пэўнай пагібелі. Ратуючыся ад траскоцця разрыўных, ён прыціснуўся да сцюдзёнай, макраватай ад марозу імшарыны, чарга прамільгнула пад самым тварам,
і тады побач пачуўся знаёмы сіпаты голас:
? От галава! Ці ж так можна!..
Голас быў вельмі знаёмы, але ў гарачцы не так проста было прыпамятаць чый. «Гэ, ды то ж Гушчын», ? спакваля дай-шло да свядомасці, як дайшло да яе і тое, што ён усё болей
і болей губляў крыві і слабеў. У левай руцэ быццам забегалі мурашкі, яна дзіўна здранцвела, пальцы страцілі сілу і млелі ад кожнага руху імі. Гушчын, пэўна, заўважыў, што камандзір паранены і, лежачы на сцюдзёнай імшарыне, запытаўся:
? Што, трапіла? Ага?
? Сарвалася атака! Ты разумееш: сарвалася! Не ўсталі!
Не ўсталі нягоднікі, сувязісты гэтыя!..
? Ціха ты!.. Не ўсталі ? устануць. Было б каму… Куды цябе?..
? Ды ў руку вось…
Жаркоў шалёна аддыхваўся, мінныя выбухі ўжо сціхлі, высока ўгары яшчэ вірашчэла, але рвалася далёка, па той бок вёскі, відаць, мінамётчыкі перанеслі агонь у дапамогу тым ротам.
І ў гэты час між скуголення мін і кулямётнага посвісту выразна пачуўся размераны, такі супакоена дзелавы голас іх «га-рунова». Бы добрая швейная машына, вёў і вёў ён на ўзмежку сваё «тах- тах-тах-тах…» Жаркоў усхапіўся, вельмі ўзрадаваны, і крыкнуў Гушчыну:
? Страляе, глядзі!
Блізка ля яго лежачы, Гушчын не зразумеў, ён паглядзеў не ў той бок, а ў другі, адкуль несліся да іх зыркія трасы,
і пачаў прыладжваць ля пляча вінтоўку, каб стрэліць. А Жаркоў, прыслухоўваючыся да знаёмых гукаў «гарунова», адчуваў, як нешта цёплае, добрае і трошкі крыўднае на сябе ? напэўна, за нядаўнюю крыклівасць ? шавяльнулася ўнутры, але, не адчутае да канца, так і знікла. Вельмі нізкая чарга, пырснуўшы аднекуль збоку, прыціснула абодвух да самага долу.
? От лупіць паганец! ? прасіпеў Гушчын, выплёўваючы
з роту зямлю. Прыладзіўшыся, ён стрэліў некалькі разоў
на блізкі і яркі агеньчык, але кулямёт не змаўкаў. Тады Жаркоў падумаў, што пакуль не сціхне гэты кулямёт, ім не ўдасца вылезці з-за ўзмежка. І ў яго імгненна з’явіўся намер, хлопец
не думаў, правільна тое ці не, ён адчуў толькі галоўную перашкоду і зразумеў, як можна знішчыць яе. Сяржант сунуў
за пазуху наган і выцягнуў з кішэні лімонку.
? Чакай, не страляй, ? гукнуў ён у вуха Гушчыну, а сам, упіраючыся нагамі і правым локцем, няспрытна папоўз.