небе. Яна, гэтая лютая сіла, паралізавала, задушыла ўсе яго чалавечыя здольнасці, ён адчуваў сябе не болей чым якою кузуркай, якой нават смешна супраціўляцца гэтай смертаноснай раз’юшанай стыхіі вайны.
Але не меней уладарна і сурова дапякала яго і сіла загаду, за які ? адчуваў ён ? яму перападзе ад сяржанта і нямала. І тады ён скрывіў губы ад крыўды, бо раптам і вельмі выразна зразумеў, што ўсе тыя страхі ягоныя ? не што іншае, як самая паганая чалавечая трусасць. За тое ён апаліўся крыўдаю на са-мога сябе, у ім з’явілася нянавісць да некага агідна слабага
ў сабе, які столькі часу ашукваў яго, угаворваў, заспакойваў,
і хлопец у парыве злараднае помслівасці аб’явіў сабе, як прысуд:
? Баішся, паганы трус! Баішся! А ну, устаць!.. Устаць!!! ? ледзьве не крыкнуў Тарасікаў.
І ён заварушыўся, прыўзняў голаў ? цераз узмежак агнявымі пчоламі імчалі ў хмызняк раі куль, наперадзе, з-пад цёмнай гарбіны будыніны, пыхкаў і пыхкаў агеньчык, і выляталі тыя бліскаўкі-трасы.
«Баішся! Калоцішся! ? з помслівай асалодаю здзекваўся
з сябе Тарасікаў. ? А ну, уставай! Агонь!!!»
? Тарасікаў, агонь! Агонь! Такую тваю… ? гучэла ў вушах суровая каманда Жаркова.
І хлопец устаў, нясмела прыўзняў голаў, падсунуўся да кулямёта, каб захінуцца яго сталёвым шчытком, і паглядзеў наперад. Каля самага вуха люта фыркнула некалькі нябачных куль, узляцела ракета, хлопец зноў тыцнуўся тварам у зямлю, а калі зноў счарнела ўваччу, торапка, каб не даць узгарэцца
ў сабе спалоху, ухапіў ручкі кулямёта і націснуў спуск.
Чарга аглушыла яго, збянтэжыла, але ён не адпусціў пальцаў і яшчэ праз некалькі секунд здзіўлена сцяміў, што жывы
і што трасы нейкім незразумелым чынам міналі яго, рассейваючыся скрозь у чарнаце ночы. І тады ён на момант прыпыніўся і зірнуў у прыцэл. У вузенькай рамцы відаць быў кароценькі мігатлівы бляск пад чорным узгоркам будыніны,
і хлопец, давярнуўшы кулямёт, зноў націснуў на спуск.
Ён ціснуў яго, аж покуль хапіла духу ў грудзях, а калі задыхнуўся ад напружання, адняў пальцы. У вачах усё бліскалі аранжавыя пыхаўкі ад кулямёта. Сэрца яго шалёна стукацела, было дужа страшна ? хлопец рассунуў локці і зноў прыпаў
да зямлі. І, відаць, зрабіў гэта ў час, бо зараз жа з варожага боку сыпануў сюды рой куль. Некалькі іх мільганула ўгары паверх кулямёта, а некалькі гучна ляснулі ў шчыт і агністымі мухамі зыўкнулі ўгору і ўбакі; Тарасікаў аж здрыгануўся, абмёр, але спакваля сцяміў, што жывы і нават не ранены. Ён ас- цярожна прыўзняў голаў у касцы і зірнуў з-за кола ? там, наперадзе, на рагу чорнай пахілай будыніны па-ранейшаму кораценька і часта папыхквала полымя.
Было цёмна і ў гэтае цемры Тарасікаў адчуў сябе трошачкі схоўней. Ракеты, мабыць, болей за іншае прыгняталі яго (мо- жа быць, яшчэ ад тае ночы, калі іх бамбілі на вялікай станцыі ? тады ўсё ў доле было заліта святлом мноства страшэнна яркіх ракет-ліхтароў, што віселі ў небе). У цемры ж адчуваць сябе куды лепей, калі б толькі даўжэй была тая жыццеахоўная цемра.
Трошкі аддыхаўшыся і асмялеўшы, Тарасікаў яшчэ раз зірнуў наперад ? кулямёт з-за будыніны папыхкваў кудысь, але трасы ішлі ўбок, і Тарасікаў, хуценька прыўзняўшыся, навёў кулямёт і замацаваў яго. Калі ён зноў узяўся за ручкі
і прыўзняў ахоўнік, хваляванне і нерашучасць зноў ахапілі хлопца, і ён паляжаў яшчэ, не адважваючыся ўтапіць спуск. Але ўрэшце з ярасцю і злосцю на сябе зрабіў гэта, кулямёт затрэсся і хлопец, здаецца, ад страху ажно прыплюшчыў вочы. Ён разумеў, што цяпер нямецкі кулямётчык прыкмеціць яго
і ў самыя бліжэйшыя секунды будзе вырашана, хто каго.
Кулямёт пратарахцеў доўгую чаргу і змоўк, Тарасікаў здзівіўся, не адразу здагадаўшыся, што скончылася стужка.
У той час загарэлася ўгары ракета, і ён раптам убачыў, як наперадзе, да тае пунькі, дзе страляў яго вораг, бяжыць нейкі салдат. Трапіўшы пад ракету, ён пляцнуўся на гарод, умомант раскінуў ногі і пусціў з аўтамата чаргу. «Заб’юць! Заб’юць! ? стукнула ў голаў думка. ? Там жа кулямёт!» І Тарасікаў, спалохаўшыся за таго смельчака, не стаў ужо хавацца ад ракеты, а ўхапіў зводдаль новую каробку і стаў зараджаць «гарунова».
Ракета пагасла, а Тарасікаў, сцяўшы белыя броўкі, нейкі час узіраўся ў цемру, каб пабачыць, што сталася з тым байцом. Навёўшы кулямёт, ён пачаў пільнаваць тую плямку, каб адразу, як пыхне яна, пусціць туды струмень сваіх нябачных смяротных куль.
Аднак кулямёт той болей і не стрэліў.
Тым часам страляніна трохі паслабла, Тарасікаў адзначыў гэта і здзівіўся, падумаўшы, што бой быццам сціхае,
а ён усё жывы. Хлопец папільнаваў яшчэ, думаючы, што, можа, урэшце блісне ўсё ж варожы стрэл, але час ішоў, а агеньчыка ўсё не было. Тады раптам Тарасікаў адчуў, што ча- мусьці аж шкада яму ? хлопец толькі што ўбачыў у сабе маленькую яшчэ і такую радасную надзею, што пераможа.
Ён пачаў ужо спадзявацца на сябе, бо ведаў, што страляць умеў трапна, вока ў яго было вострае, вось толькі нянавісны неадчэпны страх ? з ім хлопец ніяк не мог зладзіць.
Але раптам ён спахапіўся, што нікога не чуваць побач, мабыць, усе ўжо пабеглі далей, можа, нават узялі вёску, а ён застаўся з кулямётам адзін. Адрывацца ж ад усіх, заставацца ззаду Тарасікаў не хацеў, хоць і было вельмі страшна, ён усё
ж імкнуўся заўсёды не адстаць, бо адзінота палохала яго
не меней, чым нямецкі агонь.
Не ўстаючы з долу, ён заварушыўся, прыгледзеўся, услухаўся і падумаў, што сапраўды трэба падавацца туды, наперад. Праўда, дужа боязна было вылазіць з-пад выратоўчага ўзмежка, падстаўляць усяго сябе ворагу і кожную хвіліну адчуваць, як накіраваны на яго з цемры ствалы нямецкіх куля-мётаў. Але ж трэба!
Тады ён прыўзняўся, на каленях дацягнуўся да сваіх скрынак, узяў адну ў руку, другую зашчаміў падпахай, правай павярнуў кулямёт і, прыгінаючыся і дужа баючыся, павалок яго па гародзе. Праўда, доўга яму цягнуць не давялося: неўзабаве зноў засвяціла ракета, хлопец адразу ўпаў на ўмерзлыя глыжы долу.