паўтарыцца, хоць і на іншым вітку жыцьця.
Але дужа падобным. Як да таго трэба паставіцца, часам ён пераставаў разумець. Адно адчуваў, што будзе сыты, дагледжаны, а там... А там пабачым, як яно будзе, думаў Ступак.
Збылося амаль так, як ён меркаваў. Назаўтра ён добра пасьнедаў на першым паверсе ў амапаўскай сталоўцы, зьеў пару катлетаў з гарнірам макаронную запяканку, выпіў шклянку ражанкі і яшчэ ? салодкай гарбаты. Бы на курорце ці ў доме адпачынку. Навакол з куды меншым, чым
у яго, апетытам сьнедалі за сталамі іншыя амапаўцы, мала-дыя хлопцы з сяржанцкімі пагонамі на плячах. У яго пагонаў яшчэ не было, і ён трохі турбаваўся з тае прычыны. Усё ж у войску ці ў міліцыі ўсе павінны былі мець пагоны, якія і вырашалі статус кожнага. Без пагонаў ты ніхто. Проста цы-вільны чалавек ? ня болей.
Той і наступныя два дні былі заняткі ? у класах і на плацы, як некалі ў войску. Хіба што, апроч тэорыі, іх вучылі нейкай дзівоснай практыцы ? як адбіваць напады дэманстрантаў, нападаць самім, строіцца і перастройвацца ў шчыльныя шэрагі. Вывучалі таксама ўласьцівасьці розных сьлезацечных і баявых газаў ? у балончыках, дымавых шашках, гранатах. У праграме таксама значыліся найноўшыя сакрэт-ныя сродкі барацьбы з тэрарыстамі, экстрэмістамі і радыкаламі. Ступак слухаў усё ня надта ўважна, бы ў сьне; будова і ўласьцівасьці хімічных сродкаў яго ня дужа цікавілі, яго цікавіла зброя. Але пра зброю чамусьці гаворкі пакуль не было.
Пасьля ён зразумеў, чаму не было.
Мабыць, усе гэтыя хлопцы-амапаўцы, хто раней, хто пазьней, служылі ў войску і вайсковую зброю ведалі, стралялі ня раз з АК і кулямётаў ? то не было для іх навіной.
Ім жа тут рыхтавалі нейкую навіну, і яны чакалі яе.
Але аднойчы, яшчэ бяззбройных, іх паднялі па трывозе на золку, загадалі разабраць баявое снаражэньне ? белыя шчыты, шлемы, надзець цяжкія бронекамізэлькі, пабраць палкі і ? хутчэй на пасадку ў «Камазы». Яшчэ цалкам
не разьвіднела, яны кудысь ехалі, спыняліся, паварочвалі назад, бы стараючыся заблытаць ворага, і толькі гадзінаў
у дзесяць выгрузіліся каля рэзідэнцыі самога. Тут ужо быў маёр Шпак, куча іншых маёраў ды палкоўнікаў; амапаўцаў выстраілі ў тры шэрагі ўпоперак вуліцы ? якраз, як тады, улетку, калі ён трапіў у перадзелку. Як бы ня трапіць зноў, засьцярожліва падумаў Ступак, апынуўшыся ў пярэднім шэрагу. Як і ўсе, ён стаяў плячо да пляча з суседзямі, маладымі хлопцамі, трымаючы ля ног лёгкі дзюралевы шчыт, з гумовым «дэмакратызатарам» у правай руцэ. Рука і плячо амаль перасталі балець, і ён, каб упэўніцца ў тым, трохі памахаў над сабой палкай і сьцішыўся. Нейкі час на вуліцы было амаль пуста, рух транспарту спыніўся, прасьпект перакрылі з абодвух бакоў. Увогуле навакол было спакойна
і ціха, калі б не трывожная ўзьвінчанасьць начальства, якое, бы ўгарэлае, насілася перад амапаўцамі; некаторыя бегалі да чорнай «волгі», што прытулілася да будынку ззаду. Усе чакалі.
Гадзіны пасьля дзясятай здаля на вуліцы паявіліся дэ-манстранты. Сьпярша сталі відаць над іх галовамі бел-чырвона-белыя сьцягі на высокіх лёгкіх шастках, плакаты; пасьля ? і пярэднія шэрагі з маладых мужчынаў і дзяўчатаў, што з песьнямі нетаропка ішлі па прасьпекце. Некаторыя вялі за рукі дзяцей. Ступак спрабаваў зразумець, колькі іх там было, вызначыць хоць прыблізна, ды ня здолеў. Было надта шмат. Тысячы. Згледзеўшы перашкоду ўпоперак прасьпекту, дэманстранты жвавей замахалі сьцягамі, данесьліся крыкі «Ганьба!», «Здраднікі!», «Гестапа!» Хтось-ці з начальства вёртка крутануўся перад шэрагамі. «Яны нас абражаюць!» ? прарэзьлівым голасам крыкнуў да амапаў-цаў. Ступак унутрана хмыкнуў, пераборваючы, аднак, лёгкі страхавіты подых з прасьпекту. Усё ж рабілася ніякавата. Мусіць, стычкі ім не пазьбегнуць, як бы ня сталася горш, чым улетку. У той час ззаду прагучала каманда, усе ў шэрагу апусьцілі на твары празрыстыя ахоўныя казыркі ? падрыхтаваліся. Дэманстранты тым часам падышлі бліжэй, добра сталі відаць пярэднія ? маладыя мужчыны, хлопцы
і дзяўчаты, што, пабраўшыся за рукі, як і раней, нясьпешна падыходзілі ўсё бліжэй. На самай сярэдзіне калоны пад вялізным крыжастым штандарам крочыў высокі хударлявы чалавек з лысаватай галавой і туга сьцятымі пашчэнкамі. То быў знакаміты Зянон, яго Ступак неяк бачыў вясной на мі-тынгу. Калі яны падышлі яшчэ бліжэй, ззаду за АМАПАм зноў гыркнула каманда, і ўсе тры амапаўскія шэрагі ўзарваліся жалезным грукатам, які заглушыў усю вуліцу. Ступак разам з усімі шалёна лупіў па шчыце гумоваю палкай
і ўнутрана пасьміхаўся з дэманстрантаў. Спалохаліся ці не, было невядома, але, падышоўшы яшчэ бліжэй, шэсьце спынілася. Наперад з мегафонам у руках выйшаў Зянон.
? Спадары паліцыянты! ? магутна прагучала з мегафону і тут жа заглохла ў яшчэ болей шалёным грукаце АМАПу.