Скакун. Зробім, зробім, усё зробім. Разумею: гэтакія — для большага хараства стылю — паправачкі.

Філімон. Я чалавек бедны, але я аддзякую (жэст), разумееце? Аддзякую…

Скакун. О! Аб гэтым няварта гутарыць… Гэта само сабой… Але такое глупства!.. Наадварот, вы вельмі рады, што гэтакі несьмяротны твор, гэтакі, можна сказаць, палітычна-моральна- нацыянальны катыхізіс будзе друкавацца ў нашай газэце. Гэта пераварот усіх старых паняцьцяў, гэтакая пераацэнка цэннасьцяў, як той казаў, гэтакая, можна сказаць, моральная рэвалюцыя!..

Філімон. Але, але! Вы гэта правільна… Пераварот, пераацэнка… Хай маладое пакаленьне вучыцца, хай усе ведаюць, хто такі Філімон Пупкін!.. Але ў мяне да вас яшчэ адна справа…

Скакун. Хоць тысяча!

Філімон. Вось калі гэта ўсё, значыцца… як гэта сказаць?… Ну, калі я ўжо займу сваё становішча, дык трохі таго… нялоўка… Я, ведаеце, ня ўмею пісаць пабеларуску… Зараз, ведаеце, розныя палітычныя ворагі, гэтакія шовіністы, пачнуць разумееце, таго… сяго…

Скакун. О, разумею! Гэтак палітычна-нацыяналістычна-шовіністычна- пэрсональна…

Філімон. Вось! вось! але! Як вы адразу мяне разумееце! Прыемна гутарыць з разумным чалавекам!.. Вось, значыцца, я-бы хацеў, каб вы знайшлі мне якогась вучыцеля, каб трохі павучыцца пабеларуску… Але, дарагі мой, — ша! Каб ніхто ня ведаў! ніхто! Як камень у ваду! Ніхто!..

Скакун. О, будзьце супакойны… Ніхто! Зараз я падумаю, каго-бы тут… А! маю ўжо! Мой прыяцель адзін, добры хлапец…

Філімон. Будзе маўчаць?

Скакун. Як пень.

Філімон. Хто-ж гэта?

Скакун. Вучыцель Мікола Сьвятляк, ваш сусед, над вамі тут жыве.

Філімон. А! гэта добра! Гэтак ён, пасуседзку, будзе тут прыходзіць і ніхто нічога не падумае. Дорага вазьме?

Скакун. О! ён ахвотна згодзіцца дарма.

Філімон. Як дарма? чаму дарма? зашто дарма?

Скакун (заўважыўшы, што прагаварыўся, ня ведае, што адказаць) . Таго… як яно… Не! ня так ужо каб дарма, але гэтак… як дарма…

Філімон. Ну, мы ўжо з ім згаворымся. Заўтра прышлеце яго да мяне, сягоньня я ўжо змарыўся, бо кожны палітычны дзеяч мае шмат і сваіх прыватных клопатаў. Ох, Божа мой! усе мы людзі, ўсе мы чалавекі. Ох, сколькі клопату!

Паўза.

Скакун. Выбачайце, пане міністар…

Філімон (думаючы, што С. зьбіраецца ўжо йсьці). А, вы ідзеце ўжо? Бывайце здаровы! бывайце! (падае яму руку).

Скакун. Не! я ня тое… Я толькі хацеў сказаць, што, ведаеце, ўсялякія будуць расходы.

Філімон (зьдзіўлены). Расходы? А…а якія-ж будупь расходы?

Скакун. Ну, так… мае прыватныя расходы… Ах, Божа мой! бо столькі кожны з нас мае клопату! Разумееце, пане міністар? усе мы людзі, ўсе мы чалавекі. Ох!

Філімон. А можа пасьля? Як усё ўжо будзе таго?..

Скакун. Пане міністар! Прыказка кажа: двойчы дае той, хто зараз дае.

Філімон. Ну, што-ж зрабіць! Маленечкі авансік можна.

Скакун. Большы, па магчымасьці, большы.

Філімон (мацае раней у сябе ў кішані, шукаючы грошай, а пасьля бярэ Скакуна за падпаху і вядзе на балькон). Дарагі мой! Паглядзеце, калі ласка, якая сягоньня харошая пагода, гэта проста нешта нязвычайнае! гэтыя воблачкі! Паглядзеце, дарагі, на неба! (пакінуўшы Скакуна на бальконе, хутка ідзе да шафы з грашыма, адчыняе яе, выймае крыху грошай ды йзноў зачыняе хутка). Вось, калі ласка, колькі магу.

Скакун. Merci, monsieur! (лоўкім жэстам хавае грошы ў кішэнь) . Гэта, можна сказаць, ёсьць магутны штырх у напрамку вашай мэты, бо, праз гэта, тэмп разьвіцьця вашай справы робіцца хутчэйшым. (Бярэ рукапіс Філімона). Бывайце здаровы, пане міністар! Усю ноч праседжу над вашым рукапісам, каб хутчэй пазнаёміцца з багацьцем думак вашай працы.

Філімон. Бывайце здаровы! (Праводзіць Скакуна да дзьвярэй і зачыняе за ім дзьверы).

Зьява 15

Філімон, пасьля Мікола і Люба (за сцэнай).

Філімон. Ну, вось! усё ўжо ўладжана… Гэты, здаецца, мяне не абдурыць… Трэба цяпер пайсьці паглядзець, што робіць Любачка. (Ідзець у пакой Любы).

Мікола (выходзіць з кухні). А, чорт! Марты няма, дзьверы ад кухні зачынены. Трэба ўцякаць праз парадныя. Вось улопаўся! (ціха, на цыпачках ідзе да парадных дзьвярэй, раптам за сцэнай чутно піск Любачкі).

Любачна (за сцэнай). Дзядзенька! што вы робіце? Ах, дзядзенька!!.

Мікола (ўстрымаўся). Гэта яе голас! Што сталася? Чаго яна крычыць? (хоча йсьці да дзьвярэй Любы).

Філімон (зьяўляецца на парозе дзьвярэй Любы, задам да сцэны) . Ну, што ты, дзетанька! Я-ж твой дзядзенька! Мне ўсё можна, бо я ўсё роўна, як твой папенька. Чаго ты крычыш, ціпанька?

Люба (за сцэнай). Ідзеце, ідзеце, дзядзенька!.. я не хачу!..

Філімон. Ну, добра, добра, Любачка! Толькі ціха, ша!.. (адвярнуўшыся, пабачыў Міколу). А вы што тут робіце? А вы хто такі!

Мікола (спалохаўшыся). Я… я… ваш сусед… Там з гары… вучыцель… Мікола Сьвятляк…

Філімон (інш. тон.). А! Сьвятляк! Вельмі прыемна. Ваш прыяцель казаў мне аб вас… Але чаму-ж вы прыйшлі сягоньня? я-ж сказаў Скакуну, каб вы прыйшлі заўтра. Заўтра ўжо гаворымся аб плаце і пачнем вучыцца. Скажэце, калі ласка, ці вельмі трудна навучыцца? Кажуць, што вы пішаце бяз «ять», але затое ў кожным слове або «фіта», або «іжыца» спатыкаецца. Скажэце-ж, калі гэтая «іжыца» ўстаўляецца?

Мікола (нічога нясьцяміўшы, ня ведае, што адказаць). Іжыца… часам… устаўляецца…

Філімон. Толькі-ж памятайце ўмову: каб ніхто ня ведаў. Ну, я вельмі рад, што вы згодзіліся, спадзяюся, што навука ў нас пойдзе добра… Хаця мне ня трэба надта шмат, але так крышачку, каб, ведаеце, мог рэзалюцыю якуюсь палажыць… каб ня відаць было, што я нічога ня цямлю… Вы мяне разумееце?

Вы читаете Пан міністар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×