Мікола. Выбачайце, але я нічога не разумею.
Філімон. Ну, крышачку навучыцца!.. Самае важнае для мяне, калі гэтыя хвосьцікі над «у» ставяцца?
Мікола. Хвосьцікі?
Філімон. Ну, але-ж! Казаў-жа вам Скакун?
Мікола. Скакун?
Філімон. Ну, вось. Дык, калі ласка, просім заўтра. Калі для вас зручней?
Мікола. Мне ўсё роўна… Я з прыемнасьцю… Калі пазволіце…
Філімон. Ну, дык прыходзьце раніцай, я да абеду буду дома. Добра?
Мікола. Я вельмі дзякую… Я вельмі рад…
Філімон. Ну, дык бывайце здаровы! Да заўтра, значыцца!
Мікола
Зьява 16
Філімон
Філімон
Ну, вось! шмат я сягоньня зрабіў работы! Трэба будзе супачыць.
Акт II
Зьява 1
Марта і Люба
Люба. Я надта рада, што Марта, пачуўшы ўчора мой крык, выцягнула дзядзеньку з майго пакою. Бо мне было гэтак прыкра! — я была ўжо распрануўшыся, а дзядзенька ўвайшоў у мой пакой і пачаў цалаваць мяне ў шыю. Няўжо-ж усе дзядзі гэтак цалуюць сваіх пляменьніцаў?
Марта. Ды твой «дзядзенька», Любачка, гэта не такі звычайны дзядзенька, а так… як і ня дзядзенька.
Люба. Як так: ня дзядзенька?. Дык нашто-ж ён узяў мяне ад цёці і прывёз сюды?
Марта. А, вось, дзеля гэтага самага.
Люба. Дзеля чаго?
Марта. Але, дудкі! фіга з макам! Гэта яму ня ўдасцца! Мая ўжо ў гэтым галава будзе.
Люба. Што ня ўдасцца, Мартачка?
Марта. А во — гэтакая распуста. Быў час, што й да мяне гэтак сама калісь ліпнуў; «пацалуй мяне, Мартачка! пацалуй. Мартачка!»…
Люба. Няўжо-ж дзядзя гэгак любіць цалавацца?
Марта. Ага! Ён па ўсялякія гэтакія штукі майстар. Можа ўжо й табе абяцаў, што будзе жаніцца?
Люба
Марта. Такі ён твой дзядзенька, як я твая цёценька. Бясстыдствам на старасьць пачаў займацца — вось і ўсё!
Люба. Я нічога не разумею. Нашто? Якім бясстыдствам?
Марта. А вось зараз зразумееш, як я табе ўсё, як сьлед, раскажу. Толькі-ж ты, Любачка, маўчы і навет віду не паказвай, што нешта ад мяне даведалася, бо будзе авантура. Ён выманіў цябе ад твае цёці і прывёз з вёскі сюды дзеля таго, што ты яму надта спадабалася. Спадабалася яму твая моладасьць, твая сьвежанькая мордачка. А цёця твая не дагадалася, каму аддала цябе ў рукі. Усё тое, што цяпер дзеецца, гэта яшчэ толькі кветачкі, а ягадкі пасьля буцуць. Дык ты, Любачка, лепш напішы да свае цёці, каб яна цябе назад да сябе ўзяла, бо будзе, дрэнна. Нічога Філімону не кажы, а гэтак ціханька пісьмо да цёці напішы. Як цёцанька твая сюды за табой прыедзе, дык я ўжо сама ёй усё, як сьлед, растлумачу.
Люба. Ах, Божа мой, які страх! А я думала, што ён добры чалавек.
Марта. Праўду кажучы, не такі ўжо благі, але страшэны паскуднік.
Люба. А мне ў горадзе спадабалася! тут весялей, чымсь на вёсцы… Але калі ты, Мартачка, кажаш, што ён такі страшны, дык я напішу да цёці, каб яна сюды прыехала. Вось добра, што яго цяпер няма, зараз сяду і напішу.
Марта. Пішы, пішы, Любачка! а я пайду ў кухню абед даглядзець.
Зьява 2
Люба
Люба. Вось дык штука! А я думала, што ён добры, бо ніколі мне благога слова ня скажа, толькі ўсё абыймае ды цалуе. А ён вось які!.. А можа Марта гэтак са злосьці на яго нагаварыла, бо ён учора крычаў чагосьці на яе і навет хацеў прагнаць… Хай цёця сюды прыедзе й сама разьбярэ — што і як.
Спачатку я думала, што дзядзенька добры чалавек, бо ўсьцяж мяне цалаваў, а цяпер, як я даведалася, што дзядзенька зусім ня дзядзенька, дык я баюся»…
