значыць яго няма… (Уршуля за сцэнай ізноў чыхнула). А вось дзе ён! Чыхае бедненькі! Бадзяецца па якіхсь вечарынках, позна варочаецца, а пасьля прасьцюдзіўшыся чыхае! Ах, трэба яго выдзерці за вушы… (Ідзе да правых дзьвярэй, адчыняе іх і затрымоўваецца зьдзіўленая на парозе). А–а!.. А гэта–ж што? А вы хто такая? (ірон.). Вось гэта мне падабаецца! Са мной жаніцца абяцаўся, а другую ў пакоі на ноч зачыняе. Ну, я–ж яму задам, як ён прыйдзе!
Уршуля (уваходзячы без капелюша). Выбачайце, але хто вы і якое вы маеце права?
Мар'янна. Якое права? — А вось якое права: гарэлку маю пье, на сьвежыя блінчыкі ў кухню да мяне бегае, як зьбярэцца ў мяне якаясь лішняя копейка, дык зараз да мяне: «панна Мар'янна! зыч! аддам, далібог аддам!» (ірон.) аддае, каб — ня скіс! — вось якім правам! Сьцямілі?
Уршуля. Выбачайце, але вы аб кім?
Мар'янна. Як аб кім? Ну, ведама, аб ім: графскім лёкаю!
Уршуля. Выбачайце, але я прыйшла да графа.
Мар'янна (зьмяніўшы тон). Ах, што я нарабіла!.. Выбачайце, панічка, калі ласка, выбачце… ня ведала, я думала… (адыходзіць задам, але раптам устрымоўваецца). Але хто–ж вас там зачыніў у гэтай каморцы на замок? Гэта–ж так непрыгожа.
Уршуля. Гэта ня ваша справа. Я тут прышла да графа Мацальскага і вам няма да мяне ніякага дзела.
Мар'янна (разьвязіўшы рот). Вы… вы… бачайце… Да каго?
Уршуля. Ну, я–ж кажу: да графа Мацальскага.
Мар'янна. Да якога графа?
Уршуля. Ах, Божа–ж мой!.. Дык–жа кажу выразна: да Мацальскага!
Мар'янна. Да Ільдэфонса?
Уршуля. Ну але! Да Ільдэфонса Мацальскага.
Мар'янна. Дык–жа і я аб ім кажу. Але які–ж ён граф?
Уршуля. Выбачайце! Мне гэта ляпей ведаць.
Мар'янна. Ха–ха–ха! Вось–жа гад абдурыў. Дык–жа ён толькі служыць лёкаем у графа, а сам графам і ўва сьне ня быў.
Уршуля. Што?! Што я чую? Ён не граф! Ах! ах! ах! (ей робіцца млосна і яна апускаецца на крэсла).
Мар'янна (дражніць яе). «Ах, ах, ах!» Вы і паахайце цяпер. Вось і добра. А то захацела ганорнай дзяўчыне кавалера адбіваць!.. Ён абецаўся, што скоро ўжо запаведзі выйдуць, а я ўжо і пярсьцёнікі купіла, і белую спадніцу да шлюбу сабе пашыла, — а яна тут лезе са сваімі ахамі! Фі! фі! сорамна! не маладая ўжо, ужо трэба толькі Богу маліцца, а не аб каханьні думаць.
Уршуля (я. в). Ах! ах! ах!..
Мар'янна. Вось цяпер табе і «ах!»
Чутно званок за сцэнай.
Мар'янна. Ай–ай! Мусіць ужо граф вярнуўся! трэ6а ўцякаць…
Уршуля. Што вы кажыце? Запраўдны граф прыйшоў?.. Ох, Божа мой! Уцякаю… Дзе мой капялюш? (выбягае ў дзьверы направа).
Нікога на сцэне няма. За сцэнай чутно колькі разоў званок. Пасьля ўбягае з левых дзьвярэй раскудлачаны Мацальскі, папраўляючы на сабе вопратку.
Мацальскі. Ах, Божа мой! Скандал! Пан прыйшоў!.. (бяжыць па ўсходах на гару і чэзьне).
Пасьля за сцэнай чутно тузаніну і голас Гаўдэнта: «Я пытаюся, дзе мая жонка?..»
Гаўдэнт і Мацальскі (ўбягаюць).
Мацальскі (ўцякае ад Гаўдэнта, трымаючыся рукамі за твар) .
Гаўдэнт (ганяючыся за ім з кіём у руцэ). пытаюся яшчэ раз: дзе мая жонка? Дзе Магдзя?
Мацальскі. А чорт ведае, дзе ваша Магдзя. Што я? стораж вашай жонкі, ці што?! (д. с.). Ах, крэпка гад б'ецца!
Гаўдэнт. Яна не начавала дома. Яна начавала тут!
Мацальскі. А што тут? начлежны дом, ці што?
Гаўдэнт (гонючыся за Мацальскім з кіём). Я яшчэ раз пытаюся…
Мацальскі. А я яшчэ раз кажу, што няма… І калі ласка прашу без палкі, бо я паліцыю паклічу.
Гаўдэнт. Я маю права… тут мая жонка, ведаю… Дзе мая жонка?! (кідаецца на Мацальскага)
Мацальскі (уцякаючы перад ім навокал стала) Пачакайце!.. пачакайце!.. Ах, праўда, я ўспомніў, я забыўся… Але! але! ёсьць ваша жонка… яна тут, але…
Гаўдэнт. Дзе? дзе яна?
Мацальскі (паказваючы на дзьверы, за якімі сядзіць схаваная Уршуля). Яна там, вось там яна схавалася, вы ідзеце там, пагутарце з ёю.
Гаўдэнт. Ага! Вось я казаў, што яна тут! Не абмыліўся. (Ідзе направа, Мацальскі хутка зачыняе за ім дзьверы на ключ).
Мацальскі (адзін).
Мацальскі (уздыхнуўшы). Ух! нарэшце!.. Але што–ж мне цяпер рабіць? (раптам успомніўшы) Ах! парадныя дзьверы засталіся адчыняны, яшчэ злодзей забярэцца, гэтага толькі на маю галаву не хапала! (бяжыць па ўсходах, але раптам устрымоўваецца). Не, раней трэба выпусьціць яе, няхай уцякае. (Ворочаецца на сцэну і адчыняе першыя дзьверы злева, дзе Магдалена). Хутчэй! хутчэй! Муж прыйшоў.