Баішся новых слоў і з’яў? Навошта? Перажаваную ты любіш казань, З якое сокі павысмоктваў блазан? — Пара цаніць дзівосы поўным коштам. Фаўст
Здранцвеласцю — сябе не задаволю, Жаханне — вось што трэба мне на долю! Нам свет пачуцці даў, мы сэрца маем; Жахаючыся, вечнасць адчуваем. Мефістофель
Ляці ж уніз! Сказаў бы лепш — угору! Пакінь наш свет, дзе з тлену ўсё паўстала. І там сярод спрадвечнага прастору Суцешся тым, чаго ўжо тут не стала. Узвысся й небыццёвае пабач! Ідзі і ключ бяры! Жадаю ўдач! Фаўст (натхнёна)
Трымаю ключ! І новых сіл парыў Напоўніў грудзі мне і новы шлях адкрыў. Мефістофель
Распаленая скажа там трывога, Што скончылася ўжо твая дарога. Каля агню ахвярнага, дарэчы, Ты ўбачыш Мацярэй, багінь пустэчы. Сядзяць, стаяць і ходзяць, як жывыя, Стварэнне і пераўтварэнне — іх стыхія, І ў пустаце, ў маўклівасці натуры Лунаюць цені нейкія і крэатуры. Там бачаць толькі схемы сутнасці. І ты Не бойся там ніякае бяды. Ідзі рашуча, боязь адгані, Ключом ахвярнік той — крані. Фаўст робіць энергічны рух ключом.
Так, правільна! Далей здабыча — Цябе сама на роўны шлях пакліча. Пакуль яны спахопяцца, дык ты, вядома, Павінен быць з трыногай гэтай дома. А тут пасля, разбіўшы чары тлену, Ты выклічаш Парыса і Алену — У фіміяльным дыме і тумане Любы герой антычнасці паўстане. Пішу на твой рахунак гэты чын — Ты першы подзвіг зробіш. Ты — адзін. Фаўст
А што цяпер? Мефістофель
Нагою тупні. Там унізе Таксама тупні і назад вярніся. Фаўст тупае нагою і апускаецца.
Каб хоць з ключом усё пайшло на лад — Цікава мне, ці вернецца назад? Імператар і васалы.
Двор у хваляванні.
Скарбнік
Спяшайцеся, прыйшла пара Пацешыць духамі гаспадара!