Мефістофель
Ну што ж, лічыце — ўсё ў парадку; Вось вугалёк вам; у віхуры танца Вы абніміце вашага абранца І чырканіце спрытна па азадку — А гэты вугалёк тады Лыкніце, толькі без вады — Каханак будзе ноч у ноч запар, Як цюцька, вартаваць ваш будуар. Дама
А не атрута? Мефістофель (абурана)
Што вы, пані! Вялікая ёсць моц у вугалька — Ён з вогнішча ерэтыка! Хто ж вам яшчэ такі дастане? Паж
Не вераць мне, што я даўно кахаю. Мефістофель (убок)
Каго тут слухаць першага, не знаю. (Пажу.)
Не лезь у рунь, пачні любоў З кабет дасведчаных, з удоў. Праціскаюцца іншыя.
Вой, колькі вас! Прыняць усю грамаду? Сказаць ім праўду? Даць параду? Але ж куды заедзеш ты на праўдзе? О Мацеры! Вы Фаўста мне адпраўце! (Азіраючыся.)
Ліхтарыкі гараць; у дзверы Манерным цугам, як на рэй, З пакрытых змрокам галерэй Плывуць паненкі, кавалеры, Займаюць цырымонна лавы Каля штандараў воінскае славы. Па ўсім відаць, што рыцарская зала Дагэтуль бляскам гэтакім не ззяла. Навошта, Фаўсце, марныя старанні — І без таго ўжо ўсе сабраны здані! Цьмянае святло.
Імператар і прыдворныя рассаджваюцца.
Герольд
Стары мой сціплы абавязак — Сцэнічныя падзеі абвяшчаць Мне сёння цяжка: здані з казак Навокал лётаюць і верашчаць. Зусім дарма, з вядомых вам прычын, Шукаў бы я разгадак прыгажосці. Усе гатовы крэслы; гледачы У зале ўжо сабраліся і госці, Сам імператар сеў каля сцяны — Разглядвае рэгаліі вайны. А ззаду ўсіх, ахутаныя змрокам, Паны міністры з панямі пад бокам, Сядзяць, цікуючы на сцэну. Гатова ўсё! Давай хутчэй Алену!