Прывітаць сардэчна рады.

Тэльхіны

Багіня начная, красуня Геката, Зычліва і прыязна славіш ты брата, Жадаеш, каб песціў яго акіян, Каб Фебу радосцы спявалі пеан. Пачаўшы ўзыход свой з начной глыбіні, Ён шле нам пяшчоты і ласк прамяні. Бог сонца глядзіць на палі, берагі, І парастак кожны яму дарагі. Калі ж наплыве на наш востраў імгла, Імглу разганяе ён ззяннем святла І з неба глядзіць на скульптуры Радоса: На Феба Лагоднага, Феба-Калоса. Мы першыя ў свеце ўвасобілі бога Ў абліччы жывым чалавека зямнога

Пратэй

Няхай яны пяюць пеаны Праменням Феба і Дыяны, Будуюць ім высокі храм, Хай ідалаў шукаюць новых, Багоў ствараюць мармуровых — А мёртвы хлам ёсць мёртвы хлам. І прастаіць тут патароча, Пакуль не здарыцца канфуз І не стаўчэцца ў пыл і друз, Калі ў глыбінях загрукоча. Засушаць сэрцы, ссушаць душы Гады жыцця на ўбогай сушы. Найлепшы побыт у вадзе, Там светлы дух не прападзе. Пратэй-дэльфін я, дай памчу

(Ператвараецца ў дэльфіна.)

Цябе на воды і на волю. Тваю там прагу задаволю І з Акіянам спалучу.

Фалес

Параду мудрую дае Фалес: Стварэння новага працэс Пачні з азоў, пачні з калыскі, Правер усе спачатку нормы, Прайдзі шматтысячныя формы — Да чалавека шлях не блізкі.

Гамункул сядае на Пратэя-дэльфіна.

Пратэй

Спяшайся ў мора, дух без плоці! Жыві ў яго вадавароце, Дазнай уласнай паўнаты, Але не ўзлазь багам на плечы, Захоўвай вобраз чалавечы — Далей ісці няма куды.

Фалес

І нам з табою, бедалагам, Пабыць людзьмі было б няблага.

Пратэй (Фалесу)

А ён твайго, бадай што, складу! І ты свой час пакінуў ззаду — Як здань, хоць тысячу гадоў Па фэстах гойсаць ты гатоў.

Сірэны (на скалах)

Распасцерлі мякка крылы Галубіцы ў чарадзе, Лёгкім вэлюмам закрылі Срэбны месяц на вадзе.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату