У час, калі, наведаўшы Палады храм, Вярнуўся бацька Тындарэй{209}. Прымі ж мяне! У доме гэтым я дзяцінства бавіла, З братамі і сястрой расла бясклопатна — З Касторам, Полуксам і Клітэмнестраю{210}. Парог вітаю й браму векавечную, Што прапусцілі ў дом гасцінна некалі Майго абранца, Менелая мужнага! Дык адчыніся ж, каб магла я выканаць Гаспадароў наказ, загад цара майго! Наканавання ўрок няхай забудзецца! З часой, калі ў Цытэры храм{211} даверліва Пайшла святы абрад я выканаць І ўкрадзена была фрыгійскім злоснікам,— Сплыло так шмат падзей, людскімі вуснамі Удосталь абгавораных; пакутныя, Яны — выток легенд пра лёс гаротны мой.

Хор

О, не пагарджай, царыца, красой. Шчасцем надзелена рэдкасным ты. Адзначана лёсам веліч твая — Веліч адзінай з смяротных дачок. Героя на бітву слава вядзе — Таму ён і горды заўжды. Ды самы адважны храбрэц на зямлі Схіляецца перад уладай красы.

Алена

Даволі! З мужам прыплыла здалёку я І ў горад уступаю, ім пасланая, Задум загадкавых не разумеючы. Ці жонкай я іду? Ці йду царыцаю? Альбо ахвяраю журботы царскае І злога лёсу, што дастаўся элінам? Ці я свабодная, ці паланянка я — Не ведаю, бо ў позірках ахоўнікаў Я двухсэнсоўнасць хітрую пабачыла: Глядзяць яны з варожасцю пагрозлівай. Яшчэ на караблі слаўца пяшчотнага Мой муж не вымавіў, глядзеў сурова ён, Нібыта сам супроць мяне падступніцкі І злы намер выношваў ён употайкі. Калі ж у завадзях Эўрота{212} ціхага Прыязна караблі з зямлёй сустрэліся, Прамовіў ён, бы волю бога вызнаўшы: «На сушу выйдуць ваяры тут слаўныя, А ты ідзі далей, мая ўладарніца, Па пладаносных берагах Эўротавых, Мурожнымі лугамі коні правячы, Пакуль вачам даліна не адкрыецца, Дзе некалі, гарамі атачоныя, Палі ўрадлівыя ўраджай выспельвалі, А сёння наш Лакедэмон узвысіўся. Пасля, ўступіўшы ў царскі дом мой вежысты, Ты скліч служанак мне, якіх пакінуў я З разумнаю старою ахмістрыняю. І хай яны табе пакажуць скарбішчы, Якія я ад бацькі ўзяў у спадчыну, Сабраў, у міры і вайне памножыўшы. Іх знойдзеш ты ў парадку найдакладнейшым, Бо па адвечных, па святых правах сваіх Усю маёмасць, лад,                              здаўна заведзены, Цар заставаць павінен непарушнымі, Наш царскі лад мяняць рабу не дадзена».

Хор

І вочы, і сэрца, царыца царыц, Усцеш нам відовішчам скарбаў сваіх; Ірдзеннем караляў, святлом дыядэм, Што горда пакояцца ў строгай цішы. Адно пажадай — і ўсё для цябе Адразу паслужліва будзе гарэць. І ў паядынак уступіць тады З красою алмазаў твая прыгажосць.

Алена

А ў заключэнне мне ўладар паведаміў: «Агледзеўшы палац мой і валоданні, Вазьмі пасля найлепшыя трыножнікі, Сасуды, — ўсё, што трэба для выконвання Абрада даўняга, ахвяравальнага. І шалі ты вазьмі, катлы і келіхі, З крыніц зямных налі вады чысцюткае У срэбны збан і падрыхтуй найлепшых мне Смалістых дроў на полымнае вогнішча,
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату