Не красіць страх дачку Зевеса ўладнага, І сполах лёгкі нават не да твару ёй. Аднак той жах, дрыготкі шматаблічны жах, Жудою вечнае начы народжаны! Як вогненная хмара вулканічная Ў цяснінах гор займае подых волату — Так мне стыгійцы вычварныя шлях у дом{213} Адзначылі жудою і памрочышчам, І я з двара, нібыта госць няпрошаны, Пабегчы мусіла. І вельмі рада я, Што выйшла на святло! Цяпер я вольная, Я не ўцяку цяпер, о сілы цёмныя! Я асвячу мой дом, — ачаг ачышчаны Сустрэне радасна цара з царыцаю!

Панталіда

Адкрый рабыням паслухмяным смутак свой. Што ўразіла цябе, што там збянтэжыла?

Алена

Што ўбачыла, і вы пабачыць можаце, Калі яшчэ ў глыбіні патаемныя Глухая ноч не прыняла пачварыну. Аднак усё ж я раскажу вам словамі: У дом цара ўваходзячы паспешліва, Каб выканаць загад, я ўраз здзівілася Несамавітай цішыні, спакойнасці: Не ўбачыла слядоў работы рупнае, Ні шолахаў не ўчуў мой слых напружаны, Ні служкі не сустрэлі там, ні ключніца, Гасцям заўсёды радасна-прыветныя. Калі ж далей, да ачага я рушыла, Ля прыску недатлелага заўважыла Бабулі нейкай постаць незнаёмую. Уладным голасам старую клічу я, За ахмістрыню царскую прымаючы, Пакінутую кіраваць гасподаю,— Старая моўчкі слухае, няўзрушная, Пасля, нібы не зразумеўшы слоў маіх, Загадвае ісці мне прэч. Разгневана Ад дзёрзкасці такой, хутчэй спяшаюся Угору я да лесвіцы разбёнае, Якая ў скарбніцу вядзе дзяржаўную. Але пачвара раптам падхапілася І ўмомант заступіла шлях рашуча мне, Як гаспадыня страшная, агідная, З агнём крывавым у вачах бясколерных, Абрыдлівая з выгляду, смярдзючая. Не, слоў адных не хопіць мне, каб я змагла Дакладна апісаць партрэт страшылішча. Але глядзіце! Вось яна і выпаўзла! Пакуль прыедзе цар — мы гаспадыні тут! Яе ж цар выселіць у апраметную — Мой любамудры Феб, наш друг цудоўнага.

На парозе Фаркіяда.

Хор

Многа пакут і цяжкіх нягод Я, маладая, уведала рана, Жудасць і слёзы, жорсткасць і мукі; У полымі, дыме мой Іліён У бітве паў. У гуле шалёным Войнаў няспынных Чула, як зыкам утробным багі Сверб распалялі да славы ваеннай, І голас жалезны свары крывавай, Братазабойчай, Біў у муры. Ах! Муры Іліёна, яны Стаялі яшчэ, а грозны агонь Паглынаў, сакрушаючы ўшчэнт За вуліцай вуліцу, жах наганяючы, Агнявы ураган закружыў Горад у цемры начной. Уцякаючы, бачыла я праз чад, Праз куродым і пасмы агню Над сабой валатоўскія постаці Гнеўных багоў алімпійскіх; Грозна, уладна ступалі яны У зыркіх сполахах зарыва. Не знаю, ці бачыла ўсё я наяве, Ці дух мой, ахоплены страхам, прытрызніў
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату