І востры нож з тугім лязом, бязлітасным, А ўсё астатняе на ўласны густ рабі». Так ён сказаў пры расставанні, ўтоіўшы, Хто воляй царскай быў прадвызначан Істотаю сваёй ахвяраванаю Узнесці на Алімп пашану шчырую. Загадкава! Аднак цару вялікаму Відней, чым нам, каго ахвярай вызначыць, Каб за спагадлівасць багам аддзякаваць. Дабро задумана ці зло — не ўтоіцца Ад празарлівых іх вачэй праніклівых. А мне судзіць жаданні іх не дадзена! Не раз ужо жраца сякера цяжкая, Над шыяй тленнае істоты ўзнятая, Не апускалася, бо перашкоджвала Альбо ўмяшанне бога, альбо ворага.

Хор

Хто можа ведаць, які яго лёс! Мужна, царыца, Ідзі ў гэты дом! Зло і дабро Застаюць нечакана. І прадракаць іх не дадзена нам. Троя гарэла — перад вачамі Бачылі смерць, жудасць, жах. Тут жа з табою Слугі твае, Сонцам сагрэтыя, бачаць святло І славу пяюць Твайму хараству.

Алена

Хай будзе, што наканавана! Я ўвайду У царскія скляпенні векавечныя; Жаданы, любы і амаль забыты дом! І зноў ты лёсам мне зычліва вернуты. І цяжка так парог пераступаю я, Які ў маленстве я ўпадскок адольвала.

(Уваходзіць у палац.)

Хор

Сёстры бяздольныя, Супаланянкі, Скруху давайце адкінем! Шчасце з царыцаю Разам падзелім, Шчасце вяртання дадому. Позна яна Ачаг свой убачыла, Ды ўпэўнена ў дом увайшла. Слаўце пеанамі — Нашых заступнікаў Багоў, акрыленых шчасцем! Мы раскаваныя, Радасці поўныя,— Гэтак і вязень, Сцены пакінуўшы, Вежы астрожныя, Птушкай раскрыльвае рукі. Алену багі ўратавалі! І з краю чужога, З руінаў разбуранай Троі У дом старавечны, Найдаражэйшы, Зноў перанеслі. Хай шматпакутная Радасцю поўніцца, Шчасцем былога маленства.

Панталіда (кіраўніца хору)

Сыдзіце, сёстры, з песенных шляхоў сваіх, На дзверы накіруйце вашы позіркі! Што, сёстры, бачу я! Назад царыца йдзе, Усхваляванымі спяшае крокамі. Што там было, царыца? Чым, скажы, цябе Ачаг твой родны ўразіў нечакана так, Чым болесна апёк? Ад нас не тойся ж ты! Бо я агіду бачу на чале тваім,— Здзіўленнем і жудой яна народжана.

Алена (узбуджаная, не зачыніўшы дзверы)

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату