Караць слугу — ёсць права несумненнае, Якога ты, царова жонка гордая, За шмат гадоў замужжа заслугоўваеш. Цяпер, калі дамоў ты зноў вярнулася, Прыйшла царыцаю і гаспадыняю, Прымі ж кляйноды ў рукі і сама кіруй — Будзь чэлядзі і скарбам уладаркаю. Яшчэ прашу, абарані старэнькую Ад гэтых балбатух, што побач з лебедзем Красы тваёй мне выдаюцца качкамі!

Панталіда

З красою побач недарэчы брыдкае!

Фаркіяда

А побач з розумам дурнота горш яшчэ!

Далей харэтыды выходзяць з хору і адказваюць паасобку.

Першая харэтыда

Напэўна, ты Эрэба й Ночы выпладак?{217}

Фаркіяда

Скажы пра Сцылу{218} родную сястру сваю!

Другая харэтыда

То ж твой лядашчы род радзіў страшылішча.

Фаркіяда

Сама ты з кодла Оркава, ён родзіч твой.

Трэцяя харэтыда

Ты нават і для Оркі стараватая.

Фаркіяда

А ты якраз з Цірэзіем кахалася б!{219}

Чацвёртая харэтыда

Табе за ўнучку мамка Арыёнава{220}.

Фаркіяда

Цябе ж кармілі гарпіі{221} аб’едкамі!

Пятая харэтыда

А ты, худобіна, чым ты кармілася?

Фаркіяда

Ды толькі ж не крывёй, якую смокчаш ты.

Шостая харэтыда

Жарэш здыхляціну й сама здыхляціна.

Фаркіяда

Табе ж вампір аддаў і пашчу з ікламі.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату