Панталіда

Імя тваё скажу, каб ты заткнулася.

Фаркіяда

Ану, скажы, цікава! Назаві ж сябе!

Алена

Бязгнеўна я стаю, забараняючы Заводзіць свары, звады неразумныя: Няма на свеце злыбяды больш горкае, Як калатня бязглуздая між чэляддзю, Калі загады болей не вяртаюцца Да ўладцы рэхам выканання спраўнага І праца занядбана ў марнай лаянцы. Яшчэ не ўсё. Зласлоўем неразумным вы Сюды наклікалі нядобрых прывідаў. Яны зляцеліся й аблогай шчыльнаю Стаяць вакол мяне, нібыта я сама Цяпер у царстве Орка апынулася. Ці праўда гэта ўсё, ці мне прыснілася, Ці я была, ці ёсць, ці буду жахам тым, Знішчальніцаю гарадоў фатальнаю? Дзяўчаты ў жудасці, аднак жа ты, старэйшая. Стаіш спакойна — гавары разважліва!

Фаркіяда

Хто доўгіх год былое шчасце згадвае, Таму здаецца сном і ласка божая. Ты ж, доляю спрыяльнаю ўлагоджана, Прымала ты ў жыцці любоў салодкую Герояў тых, што за цябе на рызыку Не раз ішлі, на подзвігі вялікія. Яшчэ дзіця — Тэзея{222} ты прынадзіла, Асілка мужнага, Гераклу роўнага.

Алена

Узяў мяне Тэзей, падлетка-козачку. Схаваў мяне ў Афідне, аж у Атыцы.

Фаркіяда

Але й пасля твайго вяртання ў дом братоў Героі за табою ўсё ўвіваліся.

Алена

Быў першы ласкаю маёй адзначаны Патрокл адважны, прыгажун, Пеліды сын{223}.

Фаркіяда

Ды бацькам Менелаю ты аддадзена — І дамалюб, і смелы мараплавец ён.

Алена

Аддаў яму дачку і царства ўсё, І ў шлюбе Герміёна нарадзілася.

Фаркіяда

Калі ж за Крыт твой муж змагаўся ярасна, Прыгожы госць цябе ўцяшаў, сумленніца.

Алена

Не ўспамінай удоўства вымушанага, Якое шмат бяды пасля прынесла мне.

Фаркіяда

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату