Парады просіць ён пачціва. Адкрыў сваю мне мару, свой сакрэт, Што хоча цалкам выпладзіцца ў свет. У ім духоўнага паўнютка-поўна, А плоцкае ў ім выяўлена ўмоўна. Даўно б загінуў, каб не берагло Яго істоту колбы гэтай шкло. Вось мы і думаем — ты не супроць, Каб гэты дух ды ўжыўся ў плоць?

Пратэй

Ты, беззаганнага зачацця плод, Не нарадзіўшыся, ты рынуўся ў палёт?

Фалес (ціха)

Здаецца мне, дзіцёнак голы Яшчэ ў дадатак і двухполы.

Пратэй (да Фалеса)

Тым лепей, бо ён выбраць можа, Што больш яго істоце гожа.

(Да Гамункула.)

Няма чаго круціць глузды — Пачні жыццё сваё з вады. Жыві, расці, нагульвай тлушч, Малых, слабых глытай і плюшч. Уведаўшы законы мора, Удасканалішся ты скора.

Гамункул

Які прыемны пах духмяны — Я нібы ў млосці нейкай, п’яны.

Пратэй

Ты маеш рацыю, малы, Хадзем хутчэй на водмель, там Марскія пенныя валы І пах гаючы, як бальзам. Пільней углядвайся ў бязмеж — Марскі паявіцца картэж. Хадзем туды.

Фалес

                    І я з табою!

Гамункул

Трайною духі йдуць хадою!{201}

Радоскія Тэльхіны{202} з трызубцам Нептуна падплываюць на марскіх конях і драконах.

Хор

Мы гэты трызубец Нептуну скавалі, Каб ён таймаваў ім бурлівыя хвалі. Нептун ім адказвае Зеўсу старому — На грозныя грукаты страшнага грому; Ён хвалі сярдзіта ўздымае да хмар — На кожнай маланкі пагібельнай ўдар. А ўсё, што між імі трапеча, — загіне У чорнай, як прорва, бяздоннай пучыне. Таму ён сягоння аддаў нам жазло, Каб слаўнае свята без буры прайшло.

Сірэны

Вас, жрацоў у храме Феба, Дзетак сонечнага неба, Мы, прыхільніцы Гекаты,
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату