(Адплываюць.)
Сірэны
Імгненна ўцяклі? Гуртом паплылі Яны ў Самафракію Далей ад вампіраў Да добрых кабіраў{195} На гожасць усякую, На дальнія рыфы. Ёсць даўнія міфы, Што плодзяцца боствы Там самі з сябе, Не могучы проста Стрымацца ў пладзьбе. Не гасні, свяціла, Да ранішняй золі, Дай нашай сваволі Нацешыцца міла. Фалес (на беразе, Гамункулу)
Я б мог цябе правесці да дзвярэй, Пячоры той, дзе песціцца Нерэй{196}. Але ён стаў такі дзікун, Такі прыдзірлівы буркун, Нібы цячэ ў ягоных жылах жоўць — Яго цяпер і не заводзь. Жыве самотна, як анахарэт, Відаць, яму нямілы белы свет. А зрэшты, што ні гавары, А шмат каму памог стары. Гамункул
Пастукаем. Я не баюся, Што, можа, стукну й разаб’юся. Нерэй
О, галасы людскія на дварэ. Мяне адразу ўжо і злосць бярэ,— З багамі чэрнь надумала раўняцца, Не могучы і над сабой падняцца. Мне, богу, адпачыць даўно пара, Ды не магу я не рабіць дабра. Ці не таму мне так несамавіта, Што ўсё дабро маё людзьмі забыта. Фалес
І ўсё ж адказам нас не абыходзь; Вось гэты дух, увязнены ў сасудзе, Агеньчык-чалавек, удзячны будзе, Калі параіш, як ужыцца ў плоць. Нерэй
Народ сваім стаў розумам багаты,— Не будзе ён маім указкам рады. Ці ж то не я асцерагаў Парыса: Пакінь, казаў, нашто табе здаліся Жанкі чужыя? Слухаў ён парады? — Вайну траянцаў, элінскі паход, Аблогу доўгую на дзесяць год, Трэск бэлек, грукат, шал агню, Знішчэнне, страшную разню, Герояў мужных марны скон І судны дзень, калі загінуў Іліён,— Прынц гэта на алтар усклаў Сваіх сумніцельных любоўных спраў. І гэта непазбыўная хімера, На страх патомкам ліраю Гамера Апетая, — прадказана ж была. Не слухаўся Парыс, не ўнікнуў зла. І колькі слаўных дочак і сыноў Здабычай сталі піндавых арлоў! Ці не дарма чакала Пенелопа? А я ж казаў герою Адысею Пра хітрую, падступную Цырцэю, Пра аднавокага казаў Цыклопа, Пра неабачлівасць яго сяброў. Што ж ён? Паслухаўся разумных слоў? Ды не! — ён рынуўся ў віры трывог І толькі выпадкам жыццё збярог.