Ляцела глыбіна і як змясіла Сяброў і ворагаў яна. Мяне, аднак, хвалюе тая сіла, Якая ў творчых дзеяннях відна І воляю зямлі й нябёсаў Будуе тысячы уцёсаў. Фалес
Тут толькі здані, патарочы! Няхай іх прыме пыл і гразь! І добра, што не ты іх князь. А ці не лепей нам замест Пустых дыскусій зведаць фэст. Выходзяць.
Мефістофель (прадзіраецца з другога боку)
Як цяжка па крутых гарах цягацца, Як хочацца ўдыхаць смалісты водар Гарца! Ах, мілы Гарц, туды адкрыта Я сцебануў бы наўскапыта; Аднак я ўведаць быў бы рады, На чым усё ж сыны Элады, Не маючы ні серкі, ні смалы, Патэльні грэюць і катлы. Дрыяда
Магчыма, дома ўвішны ты і ўпарты, А ў нас дык проста смеху варты. Чым выгаворваць злосныя намовы, Святыя ўшанаваў бы ў нас дубровы. Мефістофель
Пакінуты аднойчы родны край І чорту дарагі, як богу рай. Што за пачвара там гняздзіцца Трайная? Мо ў вачах траіцца? Дрыяда
Там фаркіяды! Падыдзі! Кабеты Ў эстэтыку ўвядуць і ў этыкеты. Мефістофель
Чаму б і не? Мне хараство ўласціва! Эге! Тут болей дзіва чымся піва, Агіда сутаргай мне зводзіць пысак. Лепш здохнуць, чым яшчэ хоць раз Такіх убачыць адалісак, Такіх страшыдлаў і зараз. Ды гэта проста — як кашмар! Падумаць толькі — тых пачвар Яшчэ й антычнымі завуць! Мы выспяткамі з пекла прэч Прагналі б гэтакіх старэч! — Бы кажаны, пішчаць, сапуць. Фаркіяда{192}
Падайце вока мне, зірну я, Хто гэта ў госці ўжо шыбуе. Мефістофель
Шаноўныя! Прыміце мой трайны паклон! Вам не знаёмы я, але спакон Я родзіч ваш з пабочных ліній. Наведаўшыся ў вашыя святыні, Багіням Опс{193} і Рэі біў чалом, Сустрэў дачок Хаоса — німф і парак — Сябровак вашых і таварак. І хоць багата вартых скрозь было, Аднак не бачыў вам раўні ні разу. Не маю слоў на паўнату расказу. Фаркіяды