(Да Гамункула.)

Не марыў ты, каб панаваць над светам, Жывеш у посудзе анахарэтам; А хочаш, я табе, тутэйшаму цару, Ва ўладу горы падару?

Гамункул

А што параіць мне Фалес?

Фалес

Маленькаму і траўка — лес. Сярод малых ты станеш дробны, Сярод вялікіх — волатападобны. Ты бачыш хмары журавоў? — Пігмеяў, дактыляў і іх цароў. Яны панішчыць здольны ўміг, Яны без жалю абскубуць І задзяўбуць усіх малых. Яны ўжо ім праклёны шлюць За перабітых сваякоў. За мёртвых чапляў, за іх кроў Адказваць мусяць паразіты, Пігмеі, дактылі. Ні дзіды, Ні шаблі вострыя, ні латы Іх не ўбароняць ад расплаты, Ім паратунку не дадуць. Радзеюць дактыляў рады, Пігмеі ў сполаху бягуць, Згубіўшы зброю, хто куды.

Анаксагор (памаўчаўшы, урачыста)

Раней падземныя хваліў я сілы, Цяпер імкнуся ўславіць небасхілы. Ты на нябёсах, вечная, натхнёная, Трохвобразная, трохімённая — Дыяна, Луна і Геката{191}, Народ мой уратуй ад супастата. Ціхапраменная, усюдыісная, Ты летуценная, ты непахісная, Моц пакажы сваю, бо час прыспеў На ворагаў абрушыць грозны гнеў.

Маўчанне.

Пачута ўжо мальба Гаротнага раба: Геката ў гонар згоды Мяняе рух прыроды. Бліжэй, бліжэй — о, ўжо і блізка Срабрысты бляск начнога дыска, Багіні прамяністай трон — Як сімвал гневу ззяе ён. Не набліжайся, грозна-ўладны шар: Зямлю і мора спаліць твой пажар. Вядома ўсім, як часта чары, скокі Фесальскіх ведзьмаў, чарадзеяў Уніз скіроўвалі твой лёт высокі Да спраў ліхіх, нядобрых дзеяў. Цямнее шар… яшчэ… яшчэ… І раптам — іскры, гром і стрэлы, Штось па зямной кары сячэ! — Чаго ж я стаў, нібы здранцвелы? — У ногі, раб! — ты вінаваты: Бяду наклікаў іменем Гекаты.

(Падае ніцма.)

Фалес

Што не прымарыцца Анаксагору? Што з ім такое? Ўпаў. Глядзіць угору. Па-рознаму на ўсё глядзім мы У гэтыя вар’яцкія гадзіны: Ён бачыць шар, а мне здаецца, Што месяц не крануўся з месца.

Гамункул

Зірні на месца, дзе было Нядаўна карлікаў жытло. Упала з месяца скала, І ўжо не стала там жытла. Сам бачыў я, як са свяціла
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату