Там Ільза з каменя глядзіць чароўна, На варце Генрых там, і Сапуны На Эленд скаляцца — усе яны Стаяць стагоддзямі, грунтоўна. А тут ідзеш, цікуеш спакваля, Каб пад табой не трэснула зямля Альбо гара якая ці скала Убок з дарогі не звяла, Бо так пасля і ў чыстым полі Я сфінксаў не знайду ніколі. Агні гараць! Іскрыцца дол, Лунаюць здані навакол. Вось гурт дзяўчат плыве І да сябе прывабліва заве. Да іх! Дзе толькі асалоду ўбачу, Туды іду лавіць удачу.

Ламіі (вабячы Мефістофеля)

Бяжым, дзяўчаткі! Не без аглядкі Спяшайма прэч! Бо нам пацешна, Нам вельмі смешна Дурыць старэч! Такі рухавы, Хоць і кульгавы,— Прастуе ўслед! Ах, сэрцаед! — То спатыкнецца, То падвядзецца, І наўздагон Шыбуе ён!

Мефістофель (апамятаўшыся)

Мужчын з часоў, як жыў Адам, Ачмурыць кожная мадам. Бо розуму як кот наплакаў — У закаханых небаракаў. І ведаю ж: інтэрас у кабет — Памада, пудра ды гарсэт, Аж часам не відаць з-пад тынку, Ці файную ўхапіў жанчынку. Ох, і набраўся з імі я марокі… А файная міргне, — пацягне ў скокі.

Ламіі (спыніўшыся)

Спыніўся, думае, не рады. Дамо яму яшчэ прынады.

Мефістофель (прастуючы да іх)

Смялей ідзі на абардаж, За кудлы дзеўку — і на борт. Які ж я, зрэшты, буду чорт: Без ведзьмы — траціць чорт кураж!

Ламіі (завабліва)

Не цурайцеся, дзяўчаты, Наш герой — нішто сабе, І напісана на лбе, Што яшчэ ён не пачаты.

Мефістофель

У прыцемках спакусніцы — што трэба, Нібыта дочкі бога Феба.

Эмпуза{189} (уварваўшыся)

А вось і я! Вясёлыя галузы, Ці ёсць у вас тут месца для Эмпузы?

Ламіі

Сыдзі з дарогі, брыдкае страшыдла, Не прыставай, ты нам абрыдла.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату