Ды гэта, быццам кій, худая, Як венік, высахлая тая. Тут сухарэбрыцы… і дошкі!.. Хай лепш пухнаценькая котка Мяне прыгрэе ў лапках трошкі — Гарэму гэткая — знаходка, Такія цэняцца на ўсходзе… Ат, спрахні! Порхаўка, дый годзе! Ламіі
Бяжым, дзяўчаты! Шумным роем Лунайма, як нетапыры, Над прыгаломшаным героем! Што, пекла выпладак паганы,— Паквапіўся на марцыпаны, Дык на вось, клыгай сухары! Мефістофель (апамятаўшыся)
Цяпер я сам — асёл адпеты. І Грэцыя, і Гарц — адзін абсурд! І там, і тут — вядзьмацкі гурт, І там, і тут — псеўдапаэты, І там, і тут — блазнуе люд І танным асалодам рад! — Паўсюль суцэльны маскарад! Схапіў, здавалася, дзяўчыну, Аж — абдымаю, бач, дубіну; Чаго ж я гэта, баламут, Без дай прычыны б’ю ў хамут? (Заблудзіўшыся сярод камення.)
Дзе ж гэта я? Які сюрпрыз! — З дарогі збіўся і раскіс. Дарма блукаў між камяніскаў, Дзе ж я знайду цяпер тых сфінксаў? То ж трэба ўмець за ноч адну Згрувасціць гэткую сцяну! Такое цяжка зразумець мне, Тут Брокен свой пры кожнай ведзьме. Арэяда (з уцёса)
Сюды залазь! Майму уцёсу Гады лічы яшчэ з хаосу; Наведай скалы, стромы, кручы: Яны — як свет наш неўміручы — Я ўсё стаю з тых пор, калі Пампея войскі тут ішлі. А свята гэтае ў тумане Бясследна мроівам растане, І здані знікнуць, і гара — Усё пунсом залье зара. Мефістофель
Цябе я слаўлю, німфа гор, І твой зялёны пышны ўбор. Тут нават месячны прамень Не можа ажывіць глухмень… Што гэта?.. Нейкае святло У змроку цьміцца пачало… Ну, дзе ты быў? Які ж ты хуткі?! Гамункул
Аблётаў тут я ўсе закуткі. Хачу я ў поўным сэнсе нарадзіцца — Разбіць пасудзіну сваю і ўліцца У вір жыцця, але калі б да гэтай прагі Крыху дадаць яшчэ адвагі… У лесе я падслухаў двух мужоў,— Гарачы дыспут там ішоў Аб сутнасці субстанцый. Мудраца Даслухаць варта да канца: Філосаф добра мусіць знаць Зямную сутнасць, даць параду, Як да назначанага ладу Дайсці і чым магу я стаць. Мефістофель
Ты па сваёй, па ўласнай волі стань.