Хіба забыла ты, як Дэіфоба{228} ён, Парысавага брата, мучыў ярасна, Які цябе, ўдавіцу, ўзяў наложніцай? Спаганіў плоць яго, адрэзаў нос яму. А бэсціў як! Жахлівае відовішча! Алена
Ён за мяне так жорстка пакараў яго. Фаркіяда
Ён можа і з табою так расправіцца. Красу дзяліць шкада: хто меў усю яе,— Хутчэй ушчэнт загубіць, чым падзеліцца! Гучаць далёкія трубы, хор жахаецца.
Як трубны зык нутро і слых уражвае, Па сэрцы рэжа, так і рэўнасць мужава Нагадвае, чым ён валодаў некалі, Што страціў ён, чаго не мае ўжо. Хор
Чуеш, чуеш трубны рокат? Бачыш, бачыш зброі бляск? Фаркіяда
Калі ласка, гаспадар мой! Здам табе рахункі я! Хор
Як жа з намі? Фаркіяда
Вам, вядома, паратунку ўжо няма. Перш памрэ царыца ваша, а за ёю следам — вы. Паўза.
Алена
Я ведаю — рашучы крок павінна я Зрабіць цяпер перад абліччам дэмана, Які дабро аберне ў зло з прыемнасцю. Найперш, аднак, ісці у крэпасць мушу я. Ды не скажу я, што ў грудзях царыцыных З трывогаю глыбокаю затоена. Хадземце ўсе! Ну што ж, вядзі, старая, нас! Хор
О, як ахвотна з табой Хадою таропкаю Пойдзем, царыца, ад смерці. Прад намі муры Непрыступнага замка Грозна ўзвышаюцца. Нас яны абароняць, Быццам муры Іліёна,— Толькі ад хітрасці подлай Ён нарэшце паў. Туман расплываецца і завалакае задні план сцэны.
Што гэта, што? Што, сёстры, бачу? Азірніцеся, сёстры! Дзень быў пагодны, вясёлы! Раптам пасмы туману Наплылі пяшчотна з Эўрота. Зніклі з вачэй Мілыя бухты, чаротам парослыя, І вольныя, гордыя лебедзі, Якія плылі чарадою.