Уваходзяць Трое Дужых. — Вобразы Трох Дужых запазычаны з біблейскай «Другой кнігі царстваў», дзе называюцца героі войска Давіда (Кн. царстваў, 11, 23, 8).
Твой прыяцель — нурсійскі некрамант. — Нурсійскі некрамант — прыдуманы Гётэ персанаж. Некрамант — варажбіт, які выклікае душы мёртвых і выпытвае ад іх усё, што хоча ведаць. Нурсія — горад у Сярэдняй Італіі.
Некаторыя сцэны былі напісаны ў 1798–1800 гг. Канчатковая рэдакцыя — у 1830 г.
Меў добры сад і Навуфей. — У бібліі расказваецца пра тое, як Самарыйскі цар Ахаў пры ўдзеле сваёй жонкі Іезавелі адабраў вінаграднік у Навуфея, які адмовіўся прадаць яго.
Лемуры — замагільныя здані, якія, паводле павер’яў, блукаюць каля магіл.
Крылатая Псіхея — увасабленне душы ў грэка-рымскіх міфах.
Pater Ecstaticus (лац.) — айцец экзальтаваны, Pater Profundus (лац.) — айцец паглыблены, Pater Seraphicus (лац.) — айцец анёлападобны. Гётэ дае замест імёнаў святых пустэльнікаў-анахарэтаў толькі іх тытулы: пустэльнікі ў творы з’яўляюцца толькі каментарыем да думкі аўтара — прасвятленне праз чыстую любоў.
Doctor Marianus (лац.) — «марыінскі доктар», аскет, заглыблены ў сузіранне дзевы Марыі.
Mater Gloriosa (лац.) — божая маці ў ззянні нябеснай славы.
Magna Peccatrix (лац.) — вялікая грэшніца Марыя Магдаліна.
Mulier Samaritana (лац.) — самарыцянка, якая напаіла Хрыста каля калодзежа.
Maria Aegyptiaca (Acta Sanctorum) (лац.) — Марыя Егіпецкая («Жыція святых») — блудніца, якая раскаялася пасля таго, як нябачная рука засланіла ёй дарогу ў храм; рэшту жыцця пражыла ў пустыні ў малітвах і пастах.
Una poenitentium (лац.) — адна з пакаянных грэшніц, якая раней называлася Грэтхен.