з'яўляліся ёй у Палаце. Празрыстыя, трымаліся яны ззаду пераможцаў, як іх цені, як сведкі бяды, што мела тут здзейсніцца.

- Што, князёўна, - пачула яна голас Уладзіміра, - не перадумала? Можа, зараз разуеш мяне? - і князь зірнуў на свае брудныя боты.

Рагнеда не адказала.

- Што ж, - усміхнуўся Ўладзімір, - твая воля, - можна і не разувацца! - і ступіў да яе.

Яна адсунулася і ўперлася ў сцяну. Ён схапіў яе за плечы, яна намагалася адбіцца; адчайна, жалобна закрычала маці - і гэты крык знясіліў Рагнеду, усё паплыло перад вачыма, рассыпалася ў аскепкі, яна адчувала, як ён рве на ёй кашулю, валіць на падлогу, на стаптаную, брудную салому, дзе раней ляжалі параненыя, навальваецца на яе, убачыла шаленства яру ў яго вачах і заплюшчыла вочы, каб яго не бачыць. Недзе далёка крычалі бацька, браты, маці, і пад іхныя праклёны гвалтаўніку, пад смех Дабрыні і кметаў яна зведала мужа і зачала ад яго...

Потым Уладзімір усхапіўся, завязаў пояс і падышоў да полацкага князя.

- Ну што, князь Рагвалод, - спытаў ён задаволена, - хто наверсе: ты ці рабыніч?

Князь плюнуў яму ў твар.

Дабрыня кіўнуў кметам, тыя дасталі нажы і пайшлі на князя. Рагнеда ўбачыла, як гэтымі бліскучымі нажамі б'юць у грудзі бацьку, братам і маці. Яна звар'яцела, па-жывёльнаму закрычала. Кметы падхапілі яе і панеслі на двор. Скамянелая, у разадранай кашулі з крывавымі адзнакамі, цягнулася Рагнеда, акружаная вартаўнікамі, цераз Полацак, міма знаёмых двароў, дзе гвалцілі, рэзалі, рабавалі ноўгарадскія пераможцы. Выйшлі з горада, прайшлі полем і апынуліся ў намёце Ўладзіміра, дзе нічога не было апроч воўчай шкуры. Пакінутая ў адзіноце, Рагнеда звалілася на шкуру, скурчылася, як падбіты звярок, і ляжала ў паўзабыцці, баючыся паварушыцца. Уначы прыйшоў да яе Ўладзімір: насільна лашчыў яе, любіў, дакараў за крыўду і, змучыўшы, пакінуў. Яна заснула, ёй прысніўся адзін з ранейшых сноў пра белага вершніка, цяпер вершнік набыў знешнасць Уладзіміра, але ў сне ён ёй падабаўся. Прачнуўшыся, яна не магла ўцяміць, што з ёю, чаму яна ў намёце, чый гэта намёт, чаму яна адна і чаму ёй страшна? Памалу памяць сабралася і нагадала ўсю паслядоўнасць вынішчальных падзей: разгром Полацка, гвалт над сабой на саламянай пацярусе, смерць родных над нажамі ноўгарадскіх кметаў, свой паход праз горад у кашулі з дзявочай крывёй - яна і цяпер была ў гэтай кашулі. Усё гэта бачылася як даўняе і чужое, не адгукаючыся ні болем за сябе, ні пакутамі за боль родных; сляза не выкацілася з вачэй, стогн не вырваўся з вуснаў - пустэча абкружала Рагнеду; яна глядзела на шчыліну ў полагу, праз якую прарэзваў змрок намёта вузкі сонечны прамень, але свет за шэрым палатном, нацягнутым на слупы, здаваўся Рагнедзе жудаснай цемрай - не было там для яе ні месца, ні занятку; і хацелася памерці, каб нічога не помніць і не бачыць перад вачыма забітых і крыві. Ды памяталі пра яе: прыйшлі кімсьці сабраныя ацалелыя старыя нянькі, прынеслі хусцё і адзенне, потым цабэрак цёплай вады - Рагнеду памылі і адзелі. Потым старыя сядзелі каля Рагнеды і пералічвалі, хто з мужчынаў забіты, хто з жанчын забіты, каго кінулі ў Дзвіну, каго ў Палату, каго ўзялі палонам варагі ці ноўгарадцы.

Днём старыя сказалі Рагнедзе, што гарыць дзядзінец, - паліў Уладзімір старажытную палачанскую апору. Але і гэтая вестка не закранула Рагнеду. Яна спытала, як абышліся забойцы з яе бацькамі- нябожчыкамі; куды іх кінулі - у Дзвіну ці ў яміну? Старыя адказалі, што для іх ноўгарадцы рыхтуюць вогнішча. Увечары зайшоў у намёт Уладзімір, зірнуў на Рагнеду, на старых і, не прамовіўшы слова, выйшаў. Ён з'явіўся зноў раніцай і паклікаў Рагнеду развітацца з роднымі. Яна ішла за князем, а за ёй цягнуліся старыя. Пахавальнае вогнішча было падрыхтавана на стромістым беразе над Дзвіной. На бярвёнах стаяў струг, а ў ім убачыла Рагнеда бацьку, Усяслава, Брачыслава, маці - былі яны стойма прымацаваны да калоў. Некалькі забітых бацькавых дружыннікаў ляжалі ля бартоў. Рагнеда несвядома, як у сне, паднялася па галлю і плахах да струга, пацалавала халодныя пасінелыя ілбы бацькі і маці, кранула ледзяныя рукі братоў і сышла на траву. Запалілася галлё, загуло пад лёгкім вятрыскам полымя, і сівы дым ахутаў падарожнікаў у краіну Вырай, дзе жывуць людкі - душы людзей... Абкружаючы вогнішча, стаялі ў жальбе ацалелыя палачане, усе старыя і жанчыны; ні моладзі, ні мужчын у гэтым натоўпе Рагнеда не заўважыла. Маўкліва назіралі спаленне ноўгарадскія ваяры, убачыліся Рагнедзе сярод іх Уладзімір і яго стрый, але іхная прысутнасць не кранула яе... Струг ахоплівала агнём, шуганулі языкі полымя, скрозь іх праглядаліся, ахутаныя дымам, бацькі. Ёй успомніўся далёкі дзень, можа, зімовы, напаленая была печ - чырванеў там жар, яна сядзела на лаўцы паміж братоў, і яны чакалі ласунку - паранай рэпы... А калі маці садзілася за кросны, дык і яна сядала побач. За кроснамі маці заўжды напявала, ціха, сама сабе; гэтая песня і зараз загучала для Рагнеды, нібы маці запяяла яе з вогнішча на развітанне... Раптам струг пачаў асядаць, паглыбляцца ў агонь і знік у ім. Праз гадзіну дагарэлае кастрышча пачалі засыпаць зямлёй. Ледзь быў прысыпаны попел, як Дабрыня сказаў: «Досыць!», і ягоныя кметы паспяшаліся штурхаць людзей: «Усё, усё! Па хатах! Пайшлі, пайшлі». А днём Рагнеду адвялі на вялікі княжацкі струг, весляры паднялі і апусцілі вёслы, і разбураны Полацак пачаў аддаляцца, паціху адыходзячы ў даўніну...

Рагнеда і дзве прызначаныя да яе старыя сядзелі на кармавой лаўцы, ззаду іх ціха сапеў стырнавы, а тварам да іх гайдаліся ў аднастайным вяслярскім руху дзесяць ноўгарадцаў і, пазіраючы на згвалтаваную Ўладзімірам полацкую князёўну, вялі гутарку пра поспехі і няўдачы мінулага дня. Нейкага Бела ці Белага зарэзала нажом баба, калі ён прылёг на яе дачку... Хтосьці здабыў пяць грыўняў, хтосьці дзве, хтосьці добрую вопратку... Камусьці недабіты сабака пагрыз нагу... Нехта вязе ў абозе ладную дзеўку, і варагі набралі дзевак для ўцехі і продажу... Рагнеда намагалася ўспомніць, якія словы выгукнуў бацька, калі яе паваліў і гвалціў Уладзімір. Нешта важнае крычаў князь Рагвалод, нейкі свой запавет спяшаўся ён укласці ёй у памяць, аднак толькі імя сваё запомніла яна з бацькоўскага наказу, астатнія словы не захаваліся ў цэласці сэнсу; яна хацела сабраць аскепкі; здавалася, калі злучыць іх, адкрыецца нейкая таямніца, прыйдзе выратаванне... Ды не даваліся гэтыя словы, а падказаць іх маглі Ўладзімір, Дабрыня ды некалькі баяраў і кметаў, што чакалі тады загаду забіць нажамі полацкі княжацкі род. Яны не скажуць, яны будуць хлусіць; таму не маглі забыцца і знікнуць словы перадсмяротнага наказу бацькі, яны тояцца на дне памяці, трэба іх адшукаць. І Рагнеда адшуквала іх, перабірала ўспаміны, ствараючы ў бессэнсоўнасці пакінутага ёй жыцця хоць нейкі сэнс сваёй прысутнасці на гэтым свеце...

Праз тыдзень плавання дасягнулі волакаў; тут стругі паставілі на каткі і пацягнулі цераз пустку да Дняпра. Наперадзе рухаўся абоз з нарабаваным дабром і палонам; у гэтым абозе ехала Рагнеда. Старыя, што хадзілі ўздоўж абозу, адшукваючы сярод палону знаёмых, паведалі Рагнедзе, што бачылі Рутку, - ляжыць яна ў чудзінаў, і яны яе па чарзе гвалцяць, не шкадуючы, што цяжарная. Что ж рабіць, жахнулася Рагнеда. Скажы князю, навучалі старыя, хай табе аддасць. Рагнеда гукнула стражніка, сказала, каб пазваў князя. Хутка прыскакаў вясёлы Ўладзімір, выслухаў просьбу, згадзіўся, і праз гадзіну няшчасная Рута ляжала пры Рагнедзе і выла ад перажытага жаху і радасці выратавання. А ўначы ў яе пачаліся схваткі, і выкінула яна, змучаная чудзінамі, мёртвае дзіця; нічога не засталося ў яе ад кароткага шчасця з Сохам: ён забіты, дзіця задушылі, бацькоў пасеклі. Асірацелыя мы, шаптала ёй Рагнеда, сёстры мы цяпер. Абняўшыся, плачучы, трэсліся яны на волаку ў цемру будучыні...

Цьмяным быў і самы блізкі час, ніхто не ведаў, куды паверне князь па Дняпры: ці ўніз - на Кіеў, ці ўверх - на смалянаў. Нечакана здарылася затрымка руху; знянацку абоз спынілі, уся стража паскакала наперад, да войска, ніякага дагляду - ідзі куды вочы глядзяць; некаторыя паланянкі і пабеглі ў блізкі лес. Пазней, ва ўсе пражытыя гады, Рагнеда, як аб самай недаравальнай памылцы, шкадавала, што не наважылася вырвацца на свабоду ў тую гадзіну. Праседзелі з Рутай на калёсах, бачылі ўцёкі баб і дзевак, але нават думка бегчы ўслед за імі, схавацца ў нетрах лесу, паспытаць удачы, не прыйшла ў галаву. Давалі ім выйсце літасцівыя багі, хто зразумеў - уратаваўся, а яны прагледзелі, і другога выпадку ўжо не можа быць: не любяць багі някемлівых, адварочваюцца ад іх назаўжды. Схавалася б тады ў лесе, здолела б дабрацца да бацькавага брата князя Тура, і ўсё жыццё пайшло б іншай каляінай: не сталася б жонкай Уладзіміра, не лічыў бы ён ейным пасагам полацкія землі, адрадзіў бы Полацак і сеў княжыць Тур, і хто ведае - мо, здрадзіла б тады Ўладзіміру ўдача...

Але ж сядзелі, як заварожаныя. А потым пабеглі ў хвост абозу іншыя ўцекачы - з Уладзімірава войска, і даведаліся з іх кароткіх слоў, што б'юцца Ўладзімір з Яраполкам і кіяўляне зломліваюць ноўгарадскі полк - хутка перамогуць. І так моцна ў гэта паверылі, так захацелася ўбачыць перамогу, здзейсненую помсту, што дрыжэлі ад нецярпення. Здавалася, вось зараз пачуецца тупат коней, з'явіцца Яраполк, выратуе і скажа: «Уладзімір забіты! Дабрыня курчыцца на калу! Вяртаемся ў Полацак!» Абоз паверне назад, яны паплывуць па Дзвіне, убачаць Полацак, насыплюць дастойны курган...

Ды цягнуўся час, сонца пайшло на захад, вярнулася ранейшая стража, дзівячыся, што мала людзей

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату