збегла ад сваёй нядолі, і абоз рушыў далей. Выяснілася, праўда, што не падманвалі ўцекачы з поля бітвы: сапраўды сустрэў брата войскам князь Яраполк, і была сеча, і перамагалі кіяўляне ноўгарадцаў і чудзь, і Ўладзімір разгубіўся, ужо паварочваў каня ратавацца - так, на крок ад свабоды былі палонныя палачане.

Але Дабрыня стрымаў Уладзіміра, загадаў паабяцаць варагам Смаленск, усё, што захочуць. Тыя захацелі па дзве грыўні з кожнага смаленскага і кіеўскага двара, князь пагадзіўся - варагі кінуліся ў бойку як ашалелыя, зламалі Яраполкаву дружыну - і кіяўляне пабеглі да сваіх стругаў і Дняпром адышлі... Рагнеда адчула, што здарылася непапраўнае: не выратуе яе Яраполк, не выратавацца ўжо і яму самому - ён, як і бацька, страціў час, не скарыстаўся выпадкам, не знайшоў памагатых, чакае яго лёс князя Рагвалода; усё ў іх падобнае: бітва, уцёкі... А потым асада - і нож у грудзях. У полі Яраполк Уладзіміра не адужаў; таму кароткі час аддзяляе яго ад смерці. А яна была ж ягонай нявестай, марыла пра яго, чакала, дзеля яго гонару абразіла Ўладзіміра, яе згвалцілі за гэта, і вось ён прамарудзіў, памыліўся, вырашыў, што ўсё падпарадкуецца яму, як паслухмяная варта, а Ўладзімір адважыўся, разбіў паасобку бацьку і кіяўлянаў, узяў яе, вязе ў Кіеў, вызначыў ёй лёс...

Стругі плывуць па Дняпры, нясуць на гора палянам ноўгарадцаў, варагаў, чудзь, меру, весь, сагравае іх блізкасць важкіх кіеўскіх грыўняў, ззяе Ўладзіміру слава вялікакняжацкага стальца, ён усміхаецца, абнадзеяны сваёй удачай, усміхаецца і Дабрыня непазбежнай ужо пагібелі законнага Вользінага ўнука, адраджэнню драўлянскага кораня... Перамога, улада чакаюць іх, прыгожая для іх зямля, сам Днепр ужо служыць ім, дапамагаючы веслярам сваёй хуткай плынню... Цячэ Днепр, уліваюцца ў яго Сож, Прыпяць, Рось, шырока рассоўваючы ўзгорыстыя і нізінныя берагі, зіхаціць пад чэрвеньскім сонцам глыбокая цёмная вада, блішчыць жамчужны асыпак з цяжкіх вёслаў...

Вось ужо за спінай землі радзімічаў, і землі северанаў з горадам Любеч на зялёных схілах, і ўсё бліжэй, бліжэй Кіеў, што раскінуўся на сямі горах, куды нацэліўся сесці на бацькава месца князь Уладзімір... Вось ужо праваруч і прыціхлы Кіеў, і радасна крычаць варагі, бачачы мноства хат, палаты, гародні без абаронцаў, але струг з Рагнедай не заходзіць у Пагойну, кіеўскую прыстань; плыве ён далей, да рэчкі Лыбедзь, і ўверх па ёй да нейкай маленькай вёскі. Рагнеда сходзіць на бераг, бачыць у далечыні, у марыве спякотнага дня, кіеўскія ўзгоркі, а перад сабой агароджаны двор, вароты яго расчынены, за імі стаіць хата з саламяным дахам, старыя вішні атачаюць гэтую хату. Гэта яе новы прытулак.

Рагнеда спыняецца ў варотах, ёй дзіўна і сумна - з наступным крокам пачынаецца для яе другое жыццё, адсечанае ад першага ноўгарадскімі і варажскімі мечамі. Бацькаўшчына, родныя, памяць, радасныя спадзяванні і светлыя мары - усё згінула ў ручаінах крыві. А наперадзе распасціралася цемрадзь невядомасці, і ў гэтую невядомасць віхурамі чужой волі гнала Рагнеду - малы ліст, сіратлівы, апалены агнём княжацкіх звадак і барацьбы.

Жыццё другое 1

На шостым годзе кіеўскага існавання здарылася з Рагнедай падзея, якая крута змяніла яе жыццё. Пазней, калі ўсё расставілася па адпаведных месцах, калі ў бяссонныя ночы ўся даўніна была перагледжана і ўзважана на цвярозы патрабавальны розум, змагла Рагнеда растлумачыць сабе, што адбылося з ёй апоўдні летняга дня, у час дрымотнага адпачынку пад вішняй. Новая душа ўвайшла ў яе ў той гарачы час - вось як вызначала Рагнеда сваёй сяброўцы Руце перажытае пачуццё, і ўвайшла новая душа з раптоўным болем праз сонечны блік. Ніхто не бачыў, не прыкмеціў, не перашкодзіў, бо ў няўлоўнае імгненне набыла яна новы дух, ды і хто мог прыкмеціць і перашкодзіць, калі ёй самой спатрэбіліся месяцы, каб асэнсаваць нутраную змену. Здарылася гэтае ўваходжанне пры такіх абставінах. Яна скрозь дрымоту назірала, як старэйшы сын Ізяслаў вучыў малодшага, Яраслава, дужацца; абодва малыя, баючыся маці, тузаліся ціха; меншая за братоў Прадслава рабіла ў траве схованку для лялькі; і больш нікога, ні малых, ні дарослых, на двары не было. Толькі каля варот размораны спякотай прываротнік тачыў нож, бавячы такім заняткам свой вартоўны час. Рагнеда на стражніка не зважала, і ціхі шоргат каменя па жалезе не закранаў яе слыху. І раптам шырокі нож вартаўніка ўспыхнуў, сонечны прамень трапіў у вочы Рагнедзе, і на імгненне яна аслепла, і за гэты міг невідушчасці яркае вастрыё промня спыніла шматгадовы сон думкі; быццам рассыпалася нейкая тайная камора, дзе хаваліся самыя галоўныя пачуцці жыцця.

Яе напужаў гэты нечаканы ўдар, нанесены бляскам наточанага жалеза, бо ўслед выявілася і ажыла куча паўмёртвых страшных вобразаў. Рагнеда жахліва ўскрыкнула, але дзеці толькі здзіўлена зірнулі на маці і вярнуліся да сваіх забаваў. «Кім жа мяне зрабілі?» - спытала сябе Рагнеда, збянтэжана аглядаючы двор, дзяцей, прываротніка. Адказ і паследаваў з бязлітаснай прастатой адкрыцця: ніякая я не жонка, не кіеўская княгіня, а спутаная паланянка, палюбоўніца, княжая жывёліна, прыбітая істота.

І застаўся ў душы пакутлівай плямай святла гэты востры кінжальны блік, завіснуў сонечным аскепкам дзеля выспялення ісціны. Уся зляжалая, пакрытая пылам пакоры груда дзён, што асыпаліся пасля полацкага пагрому, раптам разляцелася, падкінутая нечаканым ветрам, і на кожным былі чорныя знакі, якія цяпер прагна адшукваў адноўлены зрок. Зімовай, прамерзлаю пустэчай зеўралі цяпер кіеўскія гады, і праз гэтую шчыліну выразна бачыліся перадсмяротныя твары братоў, маці, бацькі, чорны дым над дзядзінцам, нажы кметаў, пасечаныя людзі ўздоўж вуліцы, якой вялі яе ў намёт, апусканне ў вогнішча пахавальнай ладдзі. Усё прыкмечанае ў тыя дні зараз дачакалася свайго часу, ажывала ў прасветленай памяці і прыпякала новую душу да нясцерпнага болю, як распаленае кляймо. Горкі дым віўся над яе апёкамі, над кляймом, што паставіў Уладзімір. Што атрымала яна замест сваіх страт? Чым перакрыў князь той крывавы ручай у Палату? Якімі справамі спрабаваў ён сцерці з яе памяці забойства родных? Рагнеда ўзіралася - і не магла прыгадаць за Ўладзімірам ніводнага вартага павагі ўчынку. Ён усё адразу забыў, да яе мінулага, яе памяці заўжды быў абыякавы, ейны боль быў занадта дробны для яго ўвагі на тле княжацкага клопату і нястрымнай весялосці.

Шэсць гадоў прайшло, ды нічога не здзейснілася для яе з дзявочых мрояў: ні любові, ні мужа, ні пашаны, ні вартага яе, кіеўскай княгіні, месца. У чым жа мая княжацкая ўлада, пыталася сябе Рагнеда. Хто чуе мяне апроч Руты, нянек і прываротніка? Вечная парадзіха - вось хто яна. Стала маткай чацвярых дзетак і ўжо адчувае прысутнасць пятага. Так, дзеці - адзіны яе занятак і адзіная радасць. Ягоныя дзеці, унукі зарэзанага ім князя Рагвалода. Але дзе ён сам, іхны бацька, ейны муж? З'явіцца раз на год, занясе яго ветрам на адну ночку - і зноў няма ад Каляд да Купалля. Як стагамі пожня, абкружаны Кіеў дварамі іншых яго жонак. На адным варажка Алова гадуе Вышаслава, на другім нудзіцца былая жонка забітага Яраполка, а зараз яна жонка Ўладзіміра, на трэцім сядзіць чэшка Мальфрыда, а яшчэ ёсць двор Адэлі і нядаўна прывёз князь ад балгараў Мілаліку, яна нарадзіла яму двайнят. Усе яны роўныя, усіх ён аб'язджае па кругу, раздаючы, як ялмужну, сваю начную любоў. Што, гэтак і далей жыць? Чакаць, пакуль Уладзімір успомніць пра яе і заедзе пасля родаў, каб заняць ёй наступны год наступнай цяжарнасцю? Дык нават у Руты жыццё цікавейшае. Яна ключніца, вядзе гаспадарку, заляцаюцца да яе конюхі і варта, цягнуцца за ёю ў прыцемак варыўні ці клеці, адтуль яна выходзіць памятая, пацісканая, ды вясёлая, і не нараджае яна ад забойцы, не кроіць ёй сэрца сорам прыніжанасці.

Але чаго саромецца, калі была нежывая. Забітую прывёз сюды князь Уладзімір. Ці можна лічыць за жывую: ногі ходзяць, вочы глядзяць, язык варушыцца, а душы няма - аднялі. Таму і давялося пражыць гэтыя шэсць гадоў, нарадзіць дзяцей, што душу вынялі з цела. Звонку нібы чалавек: зацяжарвае, носіць, корміць грудзьмі, даглядае. Усе думаюць: княгіня, жонка вялікага князя, матка многіх ягоных дзетак, а гэта не яна, гэта лічына ейная, жывы мярцвяк, наўя. Ва ўсіх родных і душу, і кроў узялі, а ў яе толькі душу, кроў не выпусцілі. Таму і не кінулася ў вір, не пхнула сабе ў чэрава нож, не кінулася ў лес, каб звяры разадралі, што мёртвую везлі - зледзянела кроў у бяздушным целе. Як дзве нябожчыцы, абмывалі яны з Рутай адна адну мёртвымі слязьмі. Крыху ачуняла, калі дзіця ў лоне ножкамі забіла. Яшчэ і здзівілася, пытала ў старых: нешта б'е мяне там, што гэта? Тыя адказвалі: «Радуйся, дзіця пад сэрцам стучыць». «Вось і дзіцёнак ягоны мяне б'е», - скардзілася яна ў снах маці. Тая спачувальна слухала. І Ўладзімір тады знік, толькі пагалоска

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату