больш ім зайздросціць, чым яны ейнаму шчасцю. Цяжка ім жыць, ды весялейшае ў іх жыццё - муж у хаце, ёсць з кім пасварыцца і памірыцца, ён паб'е, ён жа і пашкадуе; і радуюцца яны шчыра, і вяселлі ў іх іншыя, і не становяцца іх мужамі забойцы бацькоў, ды рэдка бывае, каб у хвіліну выбілі ўсю сям'ю. Далёка ўнізе яны ад яе, а шчасця ў іх болей. Вось яна і кіеўская княгіня, жонка Ўладзіміра, маці княжычаў, і не пужае яе неўраджай, голад, вайна, але не ўсе захацелі б памяняцца з ёю лёсам - стаць жонкай карніка, забойцы, ката бацькоў... Дык чым жыццё Ўладзіміра даражэйшае за жыццё князя Рагвалода, думае Рагнеда. Ці Ўсяслава і Брачыслава? Даўно кліча яго ў магілу чужая кроў, цягне ў пахавальны агонь, а ён адбіваецца, бароняць яго срэбралюбцы ад удару мсціўцы. Не адкупіўся ад Ягі, але жыве. Заўсёды акаляюць яго ўзброеныя малайцы. Ведае князь Уладзімір, як лёгка ўваходзіць у чалавечае цела наточаны каменем нож...

І складваліся гэтыя думкі ў гарачкавае жаданне вярнуць гонар. Ці рана, ці позна жыццё скончыцца, а гонар праз вякі жыве, ён разам з душой на той свет сыходзіць. Пойдзе душа, сустрэнуць яе людкі, убачаць, што без гонару, - і пакінуць адну: памерці, скажуць, памерла, не баялася, а вярнуць гонар пабаялася - і не прымуць да сябе, і зноў цярпець пакуты адзіноцтва, як і тут. Не выпадкам жа бліснуў святлом, выводзячы з зачараванай невідушчасці, нож прываротніка. Папрасілі багоў даць знак пакрыўджаныя людкі - забітыя маці і бацька; чакалі, пакуль дачка сама прасвятлее, не дачакаліся і самі далі падказку. Трэба звесці Ўладзіміра з гэтага свету. А потым яе звядуць. Дабрыня ўласнай рукой засячэ. Але ўсё роўна трэба забіць. Просяць бацькі і браты. Здаецца, яны і крычалі тады: «Адпомсці, Рагнеда! Адпомсці!» Яна - даўжніца за іхныя жыцці і за сотні іншых палачанскіх жыццяў. З ёю павязалася іх смерць. Клічуць крывіцкія багі праліць кроў за кроў па святому закону адплаты.

Удзень Рагнеда намагалася не думаць пра Ўладзіміра, каб дзеці не адчулі змрочнага яе клопату ці вока прызначаных Уладзімірам ахоўнікаў не разгадала сэнс яе роздуму. У таямніцы рыхтуецца помста; нечакана абрушваецца яна на злачынцу; ужо забылася чорная душа пра свае грахі, ужо лёгка ёй, нястрашна сярод парослых травой магілаў, ужо лічыць яна сябе чыстай, дараванай багамі - вось тут і знішчае яе помста, і ўспыхвае ў вачах злачынцы жах гібелі - тут і прыходзіць свята для людкаў, супакойваюцца яны там, на сваім свеце. Галоўнае, каб таямніча, нечакана, гэта найбольш пужае - навучыў Уладзімір воўчым сваім скокам на Полацак. Як ён, так яму...

Уночы ж, калі ніхто не мог падгледзець бляску злой радасці ў вачах, адчуць жорсткую сілу помслівай думкі, Рагнеда ўяўляла ў дакладнасці некалькіх рухаў блізкую адплату князю. Яна згадвала звычкі Ўладзіміра, яго п'яны юрлівы позірк, маўклівае - кіўком - запрашэнне ў ложак, стук меча, кінутага на стол, а на поясе разам з мечам вісіць нож. Меч яна не возьме - не па руце ёй цяжкі меч князя, а нож - шырокі, навостраны з абодвух бакоў - мякка ўлезе ў княжае сэрца... Свечка будзе гарэць на стале, праз адчыненыя дзверы спальні яна будзе глядзець на мігатлівы агеньчык. Князь хутка засынае; кроў у яго гарачая, у сне ён скідвае накрыўку, спіць ён на спіне ў расшпіленай кашулі... Яна дачакаецца, пакуль ён моцна засне. Тады яна падымецца, пройдзе да стала, выцягне з похвы кінжал і вернецца да ложка... Ён спіць, лёгка дыхаюць яго грудзі, і ў прыцемках спальні яна ўбачыць цёмную плямку над сэрцам. У гэтую плямку і ўдарыць вастрыё кінжала, і пойдзе, пойдзе ўглыбіню, у сярэдзіну сэрца, а праз вузкую кінжальную дзірку выляціць заплямленая злачынствамі душа... Потым яна прыйдзе да дзетак, і каля іх будзе чакаць раніцы. Абудзяцца пеўні, падымецца сонца, вось тады яна выйдзе з хаты і скажа заспанай варце: «Гэй, ваяры, зірніце, нешта зледзянела ваша яснае сонейка - князь Уладзімір Святаславіч». І яны кінуцца глядзець, не павераць сваім вачам, будуць клікаць: «Князь! Князь!», ашалеюць і пасякуць яе мячамі, і смерць для яе будзе лёгкая, бо грэх жыцця з забойцам бацькоў ёй даруецца...

Цяпер, маючы мэту і ведаючы сваю будучыню, Рагнеда ўпершыню за кіеўскія гады развесялілася. Прагна лавіла яна кожную хвіліну радасці, а радасць сама пайшла да яе - усё навокал пераўтварылася, ажыло, нібы абмытае доўгачаканым дажджом, жывой вадой. У хаце загучаў смех, не адыходзілі ад Рагнеды дзеці, у прыцемкі збіраўся вакол яе ўвесь двор, і доўга цягнуліся вясёлыя вячоркі, нагадваючы Рагнедзе полацкія вечары. Толькі Рута дзівілася на Рагнеду, не разумеючы прычыны такой крутой змены настрояў. Але не хацелася Рагнедзе адкрыць сваю таямніцу. Дазнаюцца. Прыйдзе дзень, помста здзейсніцца - усе зразумеюць, што азначала ейная весялосць - вяртанне да сябе. З увагай пачала Рагнеда слухаць чуткі пра Ўладзіміра, пра ўдачы новага яго паходу. Найбольш займала яе адно - ці хутка вернецца войска і разам з ім Уладзімір, каб прылегчы адпачыць з жонкай. Пасля вяртання ён будзе гуляць з дружынай у Бераставе; пасля гулянкі наведае ён па чарзе ўсіх свіх жонак; заедзе падараваць кароткую ласку і ёй. Таму няхай вяртаецца хутчэй і з перамогай - тым мацнейшым будзе яго апошні сон. Усё, завяршаюцца зямныя справы князя Ўладзіміра; ён, пэўна, не адчувае блізкасці конавай хвіліны; яму, відаць, здаецца, што наперадзе ў яго дзесяткі гадоў жыцця, што ён толькі падступіўся да галоўнага, толькі распачаў вялізную сваю справу - ён ужо адымае ў грэкаў нейкую Таўрыю, ужо дапамагае балгарам супроць імператара Васіля, і замірыліся з ім грэкі, няма ў іх сілы адбівацца. Ён прыгожы, разумны, можна было б ганарыцца такім князем і такім мужам - але на ім кроў, ён запырсканы крывёю з галавы да пятак. Ды што найгорш, яму гэта даспадобы. Крывавай ручаінай ён у Кіеў прыплыў. Такая любоў у яго ад бабкі, што зарэзала пяць тысяч драўлянаў, ад бацькі, Святаслава, які дзесяць тысяч балгараў пасадзіў на кол. Добра, што яго печанегі забілі. А Ўладзімір адну кроў змываў другой. «Так трэба. Дзяржава павінна ламаць непакорныя храбты...» І што - бласлаўляць яго за паходы, за ўдачу? Ці мусіць яе ўтрымаць пашырэнне дзяржаўных межаў, скоранасць разбітых суседзяў? Што ёй з таго, што яшчэ тысячы людзей падпарадкаваліся ягонай волі? Для яе ён гвалтаўнік. Яна для яго - схопленая крывіцкая самка...

Перабіраючы свае ночы з Уладзімірам, Рагнеда адзначала, што ніколі ён не шаптаў «Любімая!» ці «Люблю!», ніколі не спытаў, што ў яе на сэрцы, і жаласлівага слова, уважлівага дотыку рукі не магла яна згадаць. Не было добрай памяці, нішто не стрымлівала яе. Няхай славіць яго дружына, няхай служаць яму прывечаныя ім вяшчуны, няхай яго любяць тыя, каго ён любіць. А палонныя, прыдушаныя, падманутыя не павінны любіць, баяцца, цярпець. Цярплівасць - гэта смерць наяве.

3

Усё мае канчатак, скончылася і доўгае чаканне. Кіеўскае войска захапіла Корсунь, князь з высокага берага агледзеў таямнічую прастору мора, паслухаў тужлівыя крыкі чаек, у знак заваёвы Таўрыі зачарпнуў сваім шлемам марской вады, правёў каня па пеннай хвалі прыбою - і павярнуў палкі ў зваротны шлях, да Кіева... Вось ён у горадзе, ужо сустрэлі яго, ужо гуляе княжы двор у Бераставе, загулі там дуды, льецца ў братчыны віно, лашчаць княжых ваяроў разбэшчаныя дзеўкі - значыцца, неўзабаве наведае князь сваю жонку Гарыславу. Наслухаецца здравіцаў, стоміцца ад буйной весялосці і ў нейкі пахмельны ранак узгадае пра нудны абавязак - тужыць па ім на беразе Лыбедзі рахманая Рагнеда з чарадой дзетак, трэба і на іх паглядзець, парадаваць сваёй усмешкай... Цяпер лік ішоў на дні. Рагнеда казала сабе: вось сёння паехаў ён да Мілалікі і зараз лашчыць яе; вось на золку ён ад'язджае. І зноў ноч - сёння ён у готкі Адэлі... Вось ён спіць, раскінуўшы рукі; сонца паднялося і развяло іх... А сёння ён будзе з Аловай, сваёй першай жонкай, якую далі яму варагі, каб ён, выбіты Яраполкам з Ноўгарада, не дужа нудзіўся ў выгнані, а яшчэ дзеля таго, каб заўжды памятаў іхны клопат, прыхільнасць, дапамогу і запрашаў на непакорлівыя гарады, аддаючы з кожнага ўзятага двара баб і дзевак і па дзве грыўні платы. Ён прадаў ім Полацак, Смаленск, кіеўскія прадмесці, і Яраполка забілі таксама яны, а калі ўсё гэта яны выканалі, ён пазбавіўся іх, выправіў на Візантыю, дзе, відаць, усіх іх парэзалі і пасеклі. І ніхто аб гэтым не пашкадуе. А бедная Алова засталася пры ім, і не надта ён зважае на яе, бо за дзевяць год зачала аднойчы і княжычаў у ягоны гурт не прыносіць... Так, цяпер Уладзімір зазірне да Аловы, пагладзіць па галоўцы свайго першынца Вышаслава, які аказаўся нядужым і кволым, быццам адбіліся на ім тагачасныя няўдачы бацькі, а потым сядзе з Аловай вячэраць, і будзе наліваць сабе, і піць, піць, піць, пакуль не прыйдзе ноч, і тады ён пакажа Алове на ложак... Ды яна памылілася - князь прыехаў у наведкі да яе.

Пад вечар узнікла пыльнае воблака на кіеўскай дарозе; прыкмеціўшы яго, узбадзёрыўся прываротнік, павылазіла з розных куткоў ахова, забегалі бабы - едзе! Мчыцца Ўладзімір Святаславіч да жонкі! Хутка адзелі ў чыстае дзяцей, сама Рагнеда апранулася ў святочны строй. У ім, як ёй думалася, сустрэне яна ранкам сваю смерць. Ніколі яна так шчыра не вітала князя, як у гэтую сустрэчу; выйшла за вароты, нізка пакланілася, кранаючыся рукой зямлі - дзякуй, маці-зямля, што прывяла князя да смяротнага ложка! Уладзімір лоўка саскочыў з каня, падышоў, крыху здзіўлены такой нечаканай пашанай, і раптам весела засмяяўся - ох, ладны Ўладзімір, прыгожая ў ім сіла; нават жаль коратка ўкалоў Рагнеду, што не дадзена ім злюбіцца, - ён

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату