Цікуюць з усіх са старон; Ідзе, а ці днём, ці уночы, З дарогі зьбіваецца ён. Так, блудзячы, валіцца ў сеткі, Расстаўленыя спатайка, I сілаў ня раз апасьледкі Ссуць п'яўкі, вужы зь бедака. Заплацяць пагардаю дзікай За кроў, за мазолі, за труд, Дадуць медзяка для прыліку, Што ліў пот ня толькі за кнут. Як выціснуць дух увесь чыста, Прызнаюць няздатным к труду, Прагоняць на шляхі цярністы, Прагоняць на сьлёзы, бяду. I пойдзе бядак нешчасьлівы, Здароўя упякаўшы цьвет, Празь цёмныя боры, празь нівы З жабрацкаю торбаю ў сьвет. * Што? — дрэмлеш ужо ты, дзяўчына? Ня сьпі, яшчэ штось прапяём! Эй, што там, каліна-маліна!.. Запейма — пець лёгка ўдваём! А будзе цікавая песьня, Бо выкажа думы твае. Ну, слухай, хоць сэрцу балесьне — З тваёй мая доля пяе! Ты помніш, як маці цябе твая родная Дзень першы у лапці абула, Як ты, падрастаючы, цьвёрдую, зрэбную Кашулю на целе пачула. Галела, калела у полі ты з пугаю, Куску жадна будучы хлеба, Па лесе, па пасецы з стадам цягалася, Патолі ня знала ад неба. Пякло лета сьпёкай, ты, ўся зацяганая, Зьлівалася потам крывавым, А восень студзіла бязьлітасна, Трос вецер адзеткам дзіравым. Ці йшла ты на поле шырокае, вольнае, Ці з стадам вярталася з поля, Ніхто не вітаў цябе шчыра, прыветліва, Ні свой, ні чужы і ні доля. Вось вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю, Ды горкім жыцьцё было далей: Бацькі твае бедна і трудна жыць мусілі — У людзі чужыя паслалі. Паслалі па цьвёрды па хлеб на пакідзішча, На зьдзек, на бадзяньне няміла, I ты без апекі прытульнай, бяз бацькаўскай Навекі сябе загубіла. З насьмешкай благой на цябе, заблудзіўшую, Цяперака ўсе паглядаюць; I сэрца крывёю тваё абліваецца, І вочы у сьлёзах плываюць. У губу ня лезе яда гаспадарская — Кусок іх палічаны кажны; Ў калысцы ад крыку дзіцё захліпаецца, — Патомак твой плача сярмяжны. Бацькоў гэтым грэхам сваім не пацешыла — Ўжо зь дзіцем ты лішняя ў хаце; На службе цябе разьлічылі, адправілі — Ня стала там хлеба дзіцяці. І што ж цябе, маці, чакае, бязмужняя?