Ня бачыш ты сьвету, ў сьвет глядзя, Ня ўзложыш вянка ты ўжо болей дзявочага, Ня сядзеш ужо на пасадзе. Навекі твая ўжо зламаная моладасьць, Асуджана мучыцца вечна, І ў гэтай дарозе, у гэту мяцеліцу Ты, сапраўды, шчасьліва, бясьпечна. Сьнег так адусюль спавівае пялёнкаю Сваёй прыліпаючай, белай, І сыспаду мякка, і зьверху накрытая, Начлегаў такіх ты ня мела. Ня мела папраўдзе, бо гэтак во соладка Зь дзіцём — бачу я — ты заснула. Сьпі!.. Пэўна, і песьні маёй, табе выснутай, Усёй ты, бядачка, ня чула. Сьпі, сьпі! покі сонца на небе нячулае Узойдзе гуляці над сьветам; А можа, засьні лепш навекі, няшчасная, Як маеш з жыцьцём біцца гэтым. Вечна ня можа мучыць мяцеліца, Вечна ня можа ноч панаваць; Зімняе неба сонейкам беліцца, Вецер нямее, хмар не відаць. Іскрыцца поле сьнежнае, белае, Бор гутарлівы ціха стаіць, Воўчая песьня, дзікая, сьмелая, Жудасна ў полі ужо не гудзіць. Радасна ўсходзіць раніца стройная, Сьвеціць для сьнегам засланай зямлі; Вакол абшары, ўсе дзіўна-спакойныя, Шалы віхураў як не былі. Гоманы, скрыпы зь вёскі даносяцца, I там ужо сонца робіць сваё; Па саламяных стрэхах дым коціцца — Знак, што пад імі госьціць жыцьцё. Будзяцца людзі, з хат выбіраюцца Яркі калядны дзень прывітаць; Цёплая пара з губ выбіваецца, Шэрань на бровах, шчокі гараць. Бабы заняты важнай заняткаю, — Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць, — Зь нейкай паважнай ходзяць аглядкаю, Сьвята сягоньня — бліны пякуць. Рана і жонка ўстала Рыгорава, — Мужа з дарогі жджэ і дачкі; Носіць ваду, змарылася здорава, Печ падтапіла, ставіць гаршкі. Можа, яна ужо разы і сотнія Глянула ў шыбы з хаткі на двор; Мучаць старую думкі маркотныя: Штосьці ня едзе з Ганнай Рыгор. Выехаў ўчора цёмнаю раніцай, Меўся вярнуцца нанач дамоў; Праўда, кабылка худа, чуць цягнецца, Але вялікі ужо час прайшоў. Што за прычына, што так задлякаўся, — Трудна згадаць, хоць як варажы, Ці мо дзе ў гурбу сьнежную ўпякаўся, Ці мо начуе у Рубяжы? …Скрыпнулі сані… У вокны марозныя Хутка, пакуль там бегчы на двор, Вочы свае Рыгорыха сьлёзныя Ўставіла й бачыць: узьехаў Рыгор. — Дзе ж ты дзеў Ганну? — у мужа пытаецца. — Няўжо, — ён кажа, — Ганны няма? I абаім ім сэрца сьціскаецца, Дум усялякіх хлынула цьма.