Вось галкі! Ўсе аддам Сапліцаў пакаленню!'
'I мы,- Скалуба крыкнуў,- пойдзем разам з вамі!'
'I мы ўсе!- шляхта крыкнула.- мы з братамі!
Рубайла хай жыве! Гайда граміць Сапліцу!'
І ўсіх пераканаў Гервазы ў мове гладкі,
Бо кожны меў з Суддзём якіясь непаладкі,
Як часта у суседстве: то за шкоду ў полі,
То за парубку, то за межы, а найболей
Іх зайздрасць, што Суддзя багаты, падбівала.
Так пачуццё нянавісці ўсіх аб'яднала.
Вакол Гервазага падняўся гоман бурны,
Ўзняліся шаблі, палкі...
Мацек моўчкі хмурны
Падняўся з лавы і, зрабіўшы два-тры крокі
К сярэдзіне святліцы, рукі ўзяў у бокі.
Тут, глянуўшы вакол з дакорам і сурова,
Паволі вымаўляць пачаў за словам слова,
З прыпынкамі, з прыціскам: 'Дурні вы, дурніцы!
Дык дурні ж вы! Мука камусьці, вам - кастрыца!
Пакуль вялася аб радзіме тут нарада
І аб агульных справах, дык вам, дурні,- звада,
Што нельга ні падумаць, ні дагаварыцца.
Замест парадку, ладу, дурні, вы - сварыцца!..
А хай за дробязь помсты здарыцца нагода
Вам, дурні, дык адразу лад у вас і згода!
Вон з хаты! Бо я, Мацек, вас... да міліёнаў
І тысяч тысячаў фур, бочак і фургонаў
Чарцей!!!..'
Заціхлі ўсе, як ляснутыя громам.
Ды раптам гоман, крык падняўся дзесь за домам:
'Ура! пан Граф!' Ён ўз'язджаў на двор Мацееў
Узброены і збройных дзесяць з ім жакеяў.
Пад Графам добры конь, і выгляд Графа панскі:
На ім плашч колеру гарэха, італьянскі,
Шырокі, без рукаў, як быццам пакрывала,
Што цераз плечы стройна долу ападала.
Пяро на капялюшыку тырчэла ззаду.
Крутнуўся Граф і шпагай прывітаў нараду.
'Ура! пан Граф!- ускрыкнулі,- з ім жыць, змагацца!'
Тут з хаты сталі ўсе праз вокны прыглядацца
І ўслед за Ключнікам на выхад прабірацца.
Гервазы выйшаў, сход за ім услед таўпіўся.
А Мацек, выгнаўшы апошніх, зашчапіўся
I, глянуўшы ў акно, сказаў: 'Дурніцы!'
Тым часам шляхта каля Графа мітусіцца,
І ўсе ў карчму ідуць. Гервазага наказу
Тры вяжуць паясы ад кунтушаў і зразу
На іх са склепа цягнуць бочкі для народу:
Гарэлкі бочку, бочку піва, бочку мёда.
Вымаюць шпунты, з шумам рвуцца тры крыніцы:
Адна гарыць агнём, другая серабрыцца,
Жаўцее трэцяя - вясёлкаю іграюць
І звонка ў розных сто начынняў ападаюць.
