Злавіў яго, давай драць вушы, сыпаць кроплі;

Ён плача і крычыць: 'Як, тата, ты б не біўся,

Туды ісці я мушу'. Тут я разгубіўся:

'Ды што з табой?' 'Я,- кажа,- ў Зосю улюбіўся!'

Ён хоча глянуць на яе! Вось небарака!

Кажу Суддзі: 'Аддай, пан, Зосю нам за Сака!'

Ён кажа: 'Замалая, пачакай тры годы,

І як сама захоча!' Лотра! Жджэ нагоды

Аддаць другому. Вось як скокну на вяселле

Ды крапяну сваім Крапілам па пасцелі!..'

'I гэты лотра,- ўскрыкнуў Ключнік,- тут пануе

І вось паноў даўнейшых грабіць і руйнуе!

Ці ж так Гарэшкаў памяць і імя ўжо згіне?

А дзе ж удзячнасць? Мо няма яе ў Дабрыне!

Браты! Вы ж з царскай сілай думалі змагацца,

А тут Сапліцы раптам пачалі баяцца!

Страх вам турмы? Браты! Ды я ж стаю пры праве!

Я вас не клічу на разбой! У гэтай справе

Ужо выйграў Граф, дэкрэтаў мае ён нямала,

Адно іх выканаць! Заўсёды так бывала -

Дэкрэты трыбуналаў шляхта спаганяла,

А перш за ўсіх Дабрынскія, дык вось і стала

Расці ў вас слава. Бо, Дабрынскія, вы ж самі

Ў наездзе Мыскім ваявалі з маскалямі.

Прывёў іх генерал расейскі Вайніловіч

І лотра, друг яго, Воўк з вёскі Лугамовіч,

Вы ж помніце, як Воўка мы ў палон узялі

І як на бэльцы ў пуні вешаць ужо сталі

За тое, што сялян душыў, Маскве прадаўся.

Жывым тады праз літасць мужыкоў застаўся

(З маім Сцізорыкам аднак не размінецца).

Наездаў гэтулькі ўжо мне не давядзецца

Адбыць, з якіх выходзілі мы са здабычай

І славай, як шляхоцкі патрабуе звычай!

Ды што пра тое ўспамінаць! Пан Граф дэкрэты

Ўсё вырабляе, судзіцца за замак гэты,

А з вас ніхто не спачувае адзіноце

Яго і, з ласкі ворага, яго згрызоце.

Няма ў яго сяброў, апроч мяне, нікога

І вернага майго Сцізорыка старога!'

'Ну і Крапіла,- тут Хрысціцель адазваўся,-

Дзе ты, там я - плясь, плясь! Адзін ты не застаўся,

Што два, то два. Дальбог, ты маеш меч, Гервазы,

А я Крапіла. Будзем чысціць ад заразы

Вакол: шах-шах, плясь-плясь! Яны няхай гамоняць'.

'Браты ж мо Бартка,- ўткнуўся Брытва,- не прагоняць;

Што вы намыліце, то Брытва зголіць чыста'.

Я з вамі,- Конаўка прамовіў урачыста.-

Калі яны ніяк не выберуць маршалка,

Нашто мне галасы ці галкі? Во дзе галка

(Тут выняў з кішані са звонам куляў жменю).

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату