Што не ўцячэ, яго вы знойдзеце й налета,
Дьж кіньце лепш, і хай заціхне справа гэта,
І аб гавораным тут раджу ўсім забыцца.
I, калі ласка, ўсіх прашу паклапаціцца
Зайсці ў карчму. Сынка мне Сора нарадзіла,
Я ўсіх частую, будзе музыка на дзіва,-
Заграем на басэтлі, скрыпках і на дудзе.
І мёд стары, які пан Мацек любіць, будзе,
Ну і мазуркі; маю новыя мазуркі
І файн спяваць свае я вывучыў бахуркі'.
Прамова Янкеля, якога ўсе любілі,
У сэрцы трапіла сабраным той жа хвілі,
І шум вясёлы на двары на'т разгарнуўся.
Ды тут Гервазы к Янкелю з мячом рвануўся,
Той скокнуў з лавы. Ключнік крыкнуў: 'Вон, жыдзішча!
Не сунь у дзверы пальцаў! Тут табе не йгрышча!
Пан Прусак! Калі пан Суддзёваю гандлюеш
Віцінаў паркай, дык яго вось як малюеш!
Ты помніш добра і павінен нам прызнацца,
Што бацька твой сплаўляў Гарэшкавых аж дваццаць
І што нажыўся ён з усімі сваякамі.
Стуль нажываліся Дабрынскія вякамі.
Старыя могуць голасам пацвердзіць згодным,
Што Стольнік быў для шляхты проста бацькам родным.
Хто камісарыў у яго маёнтках пінскіх?
Дабрынскі! Пісарамі браў каго? Дабрынскіх!
Буфета ў замку не даверыў ён нікому
Апроч Дабрынскіх. Меў Дабрынскіх поўна ўдому!
Ён падтрымоўваў вашы ў трыбуналах справы,
У караля выпрошваў хлеб для вас ласкавы
І копам вашай дзетвары даваў асвету
Ва ўсіх піярскіх школах нашага павету.
Дарослым памагаў у людзі, ў свет прабіцца.
Пра гэткага суседа грэх, браты, забыцца!
А сёння ваш сусед Сапліца робіць многа
Для вашага дабра? Скажыце мне!'
'Нічога!-
Падтакнуў Конаўка.- Я помню тую пору,
Як ён быў гол, а зараз нос дзярэ ўжо ўгору
І дзьмецца: пху, пху, пху! Паклікаў на вяселле,
Паю, а ён не п'е. 'Я не магу,- мне меле,-
Так многа піць, як вы, без меры і граніцы'.
Вось далікацік з марымонцкае мучыцы!
Не піў, мы ў горла ліць, ён зазлаваўся дужа.
Чакай, я з Конаўкі налью табе, мой дружа!'
'О ёсць,- сказаў Хрысціцель,- і ў мяне прычына
Яго крапіць. Мой сын разумны быў хлапчына,
А зараз, па віне Суддзі, мой небарака
Так адурэў, што ўсе яго зваць сталі Сакам.
Казаў яму: 'Чаго ты прэшся ў Сапліцова?
Калі заловяць, лазня будзе там гатова!'
А ён ізноў - да Зосі цераз луг, каноплі.
