І свайго адступіць ды яшчэ і страты плаціць.
Што з Графам судзіцца? Дык што? У іх грошай хваціць:
Ад спрэчкі між панамі што і хто з нас траціць?
Суддзя - душыцель? Ён жа адмяніў паклоны
Зямныя пану, аб'явіў сваім прыгонным,
Што гэта грэх. Не раз ён з мужыкамі разам
За стол сядае, служыць ім дабром і радай,
Падаткі плаціць за сялян. Не то што ў Клецку,
Дзе ты, пан Бухман, гаспадарыш па-нямецку.
Ён - здраднік? Што вы? Я ж калісьці з ім вучыўся,
Ён дзіцем добрым быў і сёння не змяніўся,
Радзіму любіць і звычай стары хавае,
Маскоўскіх новых мод і блізка не пускае.
Вяртаючьгся з Прус, каб нямчыны пазбыцца,
Заходжу ў Сапліцова польскасцю абмыцца,
Бо там сапраўды нашых звычаяў сталіца!
Дальбог, Дабрынскія, я брат ваш, але знайце,
Суддзі не дам пакрыўдзіць, лепш не пачынайце.
Не так у Велькапольшчы шляхта немцаў біла:
Які быў дух і згода, проста ўспомніць міла!
І глупствамі ніхто не запыняў нарадаў'.
'Не глупства тут,- ускрыкнуў Ключнік,- вешаць гадаў!'
Шум нарастаў, ды Янкель па-над грамадою,
На лаву стаўшы, белай бліснуў барадою,
Што венікам ажно да пояса звісала.
Каўпак лісіны ссунуў з галавы памалу,
А леваю рукой ярмолку ўміг паправіў.
Пасля, калі за пояс зноў руку уставіў,
Паклон даў каўпаком і распачаў прамову:
'Паны Дабрынскія, ну кіньце гэту змову.
Суддзя ні брат мне і ні сват, ну я Сапліцаў
Шаную; з імі можна жыць, ну і мірыцца.
Шаную і Дабрынскіх Барткаў і Мацеяў,
Ну як маіх суседзяў і як дабрадзеяў,
Дык так кажу: яшчэ вам можна запыніцца,
Не нападаць, бо вы ж там можаце пабіцца,
Забіць. А спраўнік? а турма? а асасоры?
А ў вёсках жа Сапліцы час ужо каторы
Стаіць гурма салдатаў. Хай асэсар свісне,
Дык батальён пяхоты мігам вас расцісне.
А што тады? Француз нам зараз не падмога,
Ну бо яму да нас далёкая дарога.
Габрэй я, мала знаю, ну але ў Бяліцы
Габрэйчыкаў я бачыў ажно з-пад граніцы.
Чуваць, француз стаіць над рэчкай Ласасною,
Вайна ж, калі і будзе, хіба аж вясною.
Ну я скажу: чакайце! Двор Суддзі Сапліцы -
Не будка крамніка, што можа ў воз змясціцца
І з'ехаць. Двор стаяў, стаяць і далей будзе.
Суддзя не арандатар, і ўсе знаюць людзі,
