А бакасы, угору вырваўшыся, ўюцца
І бэкаюць, як быццам аб бубенец б'юцца.
Ў фінал мушыных шумаў, гоман птушак, здалі
Ставы два хорам здвоеным вось заспявалі,
Нібы каўказскія чароўныя азёры,
Што ўдзень маўчаць, а ўноч вядуць перагаворы.
Адзін стаў, што быў ясны, з берагам пясчаным,
Блакітнымі грудзьмі даў тон усхваляваны,
Другі, што з дном быў цёмным і абліччам мутным,
Яму адказваў крыкам жаласным, магутным.
У абодвух тых ставах спявалі жабы зважна,
То сола перарывіста, то ў хор працяжна.
Адзін фарціссіма пяе, другі сціхае,
Той быццам чымсь абураны, другі ўздыхае.
Так размаўлялі два ставы з сабой праз поле,
Як быццам арфы дзве чароўныя Эола.
А змрок гусцеў, і толькі недзе каля рэчкі
Ў лазе блішчэлі вочы воўчыя, як свечкі.
Далей на краявіду сцесненым палетку
Агні начлежнікаў там-сям блішчэлі зрэдку.
Вось месяц запаліў свой факел серабрысты
І асвяціў зямлю, і купал неба чысты.
Яны, адслоненыя з цемры ў палавіне,
Драмалі, быццам з жонкай муж; а той хвіліне
Шчасліва неба сіняе ў абдымкі брала
Зямлю, што грудзі ў блісках месяца купала.
Вось зорка супроць месяца адна, другая
Бліснула, вось іх тысяча, мільён міргае.
Кастор з Палюксам, два браты перш заяснелі -
Славяне іх празвалі Леле і Палеле,
А ў нас сяляне іншае імя ім далі:
Каронай і Літвой назваць іх пажадалі
Далей Вагі нябеснае дзве шалі ззяюць;
На той вазе сам Бог (старыя гэтак баюць)
Зямлю адважваў, а за ёй і ўсе планеты
Тады, калі ствараў і будаваў сусветы.
Пасля павесіў з золата вагу на небе,
Каб людзі пераняць змаглі яе ў патрэбе.
На поўначы іскрыцца зорным кругам С і т а
Цераз яго (як кажуць) Бог прасеяў жьгга,
Калі яго пасыпаў праайцу Адаму,
Прагнанаму з гароду райскага за браму.
А там Давідаў воз скіроўвае свой дышаль
У бок палярнай зоркі, што яснее вышай.
Старыя літвіны пра той рыдван гадаюць,
Нібы няправільна яго так называюць,
Бо не Давідаў гэта воз, а воз злых духаў.
На ім Люцыпар, калі Бога не паслухаў,
Дык млечным шляхам рваўся ўжо ў нябёс парогі,
Ды Міхаіл спыніў яго і збіў з дарогі,
І воз той паміж зор зламаны кавыляе -
Міхал-Архангел напраўляць не дазваляе.
І ведама таксама між старых літвінаў
