І я вучыўся астраноміі ці мала
У Вільні, дзе Пузыніна ахвяравала
Даход з сяла свайго у дзвесце душ халопаў
На закуп розных шкел і тэлескопаў.
Ксёндз Пачабут быў астраномам там год колькі
І рэктарам у акадэміі, ды толькі
З той кафедрай чамусьці хутка разлучыўся
І зноў у келлі манастырскай зачыніўся,
Дзе і памёр. Знаёмы мне і пан Снядэцкі,
Разумны вельмі чалавек быў, хоць і свецкі.
Дык вось жа астраномы гэтак на камету
Глядзяць, як нашыя мяшчане на карэту;
Вядома ім, што скіравалася ў сталіцу
Ці выязджае з горада дзесь за граніцу,
А хто ў ёй ехаў і пра што там размаўлялі,
Ці пасланца з вайной, ці з мірам пасылалі,
Таго не знаюць. У мае, я помню часы,
Калі Бранецкі ехаў у карэце ў Яссы,
То ўслед цягнуўся за ганебнай той карэтай
Таргавічанаў хвост, як тут вось за каметай.
Народ, хоць не мяшаўся ў панскія нарады,
Згадаў адразу, што той хвост быў знакам здрады.
Чуваць, мятлы імя ён гэтай даў камеце
І кажа, што мільён яна загорне ў смецце'.
Тады сказаў з паклонам Войскі: 'Праўда гэта,
Пан Падкаморы, мне напомніла камета,
Што ў нас расказвалі і, на астатак,
Што бачыў сам тады, як меў гадоў з дзесятак.
Панцэрнага палка паручнік, пан Сапега
Спыніўся, помню я, у нас дзеля начлега,
Той самы, што пасля быў маршалам дзяржаўным,
А потым канцлерам Літвы дагэтуль слаўным,
Ён жыў сто дзесяць год; пад Вену ў часы Яна
Хадзіў ён з войскам Ябланоўскага, гетмана.
Вось ён расказваў нам, што перад тою справай,
Якую Ян закончыў з гэтакаю славай,
Калі сам нунцый выпраўляў яго ў дарогу,
А пасланец аўстрыйскі цалаваў у ногу,
Як стрэмя падаваў (пасол граф Вільчэк зваўся):
'Што гэта робіцца?'- кароль спытаўся.
Глядзяць, аж над галовамі ляціць камета
Тым шляхам, дзе ступала войска Магамета,
З усходу ды на захад. І ксёндз Бартахоўскі
У панегірыку на той трыумф кракоўскі,
Пад назвай 'Orientis Fulmen', піша многа
Аб той камеце. Ды чытаў я апроч тога
Ў 'Яніне' - кніжцы, дзе разгледжана старанна
Кампанія уся - паход пад Вену Яна.
Там намалёваны і сцягі Магамета,
I гэткая ж, як бачым мы цяпер, камета'.
'Амінь,- сказаў Судцзя,- я варажбу вашэці
