Кажы (і гладзіў твар яго сваёй рукою).
Маё мне прадчуванне раптам падказала,
Што з дамамі ў цябе штось склалася няўдала.
За дам бяруцца зараз хутка, проста дзіва!
Ну раскажы, Тадэвушак, мне ўсё праўдзіва'.
'Яно,- сказаў Тадэвуш,- праўда, ёсць прычыны
Другія, дзядзя дарагі, мае тут віны!
Памылка! Што ж, няшчасце! Ў чым тут прызнавацца?
Не, дзядзя, ў Сапліцове нельга мне застацца.
Ах, мілы дзядзечка! На вашае пытанне
Скажу, што выехаць мне трэ' без адкладання'.
'Га!- мовіў дзядзька,- дык любоўныя тут справы,
Я бачыў, што ты ўчора не крануў на'т стравы
І скоса углядаўся на адну дзяўчынку;
Яна штось кіслую таксама мела мінку.
Я знаю вашы глупствы: хай падлеткаў пара
Улюбіцца, то ў іх капа згрызотаў зараз!
То цешацца, то ходзяць, быццам у няшчасці,
Стараюцца са словам з'едлівым напасці,
То па кутах стаяць, не размаўляюць болей,
А нават уцякаюць ад людзей на поле.
Калі і ў вас чаргуецца любоў і звада,
Дык пацярпіце толькі - ёсць на гэта рада,
Я на сябе бяру прывесці вас да згоды.
Прайшоў і я ўсё гэта ў маладыя годы.
Скажы мне праўду ўсю, дык можа што дарадзім
Удвух і, разабраўшыся, усё наладзім'.
Тадэвуш сарамліва мовіў: 'Давялося
(Тут цалаваў руку Суддзі) сказаць, што Зося,
Ну, ваша выхаванка, дарагой мне стала,
Хоць я яе яшчэ і бачыў вельмі мала,
А мне ўсе навакол гудуць без перастанку,
Што ў жоны выбралі вы мне Падкамаранку.
Не можа жонкаю маёй быць панна Ружа,
Калі я Зосю гэту так кахаю дужа.
Нячэсна, любячы адну, з другой жаніцца.
Час вылечыць мяне, тут нельга мне спыніцца'.
'Дзіўлюся,- мовіў дзядзька,- што вам да спадобы,
Кахаючы, ўцякаць ад мілае асобы!
Ну добра, што прызнаўся, а то даў бы маху,
Паехаўшы ад нас. Дык вось пазбудзься страху:
Я Зосю сватаю табе - скачы з уцехі!'
Тадэвуш мовіў: 'Вам я ўдзячны, ды памехі
Усё ж ёсць. Вы - бацькам для мяне і дабрадзеем,
Ды не паможа ўжо нішто, канец надзеям!
Бо пані Талімэна не аддасць мне Зосі'.
'Папросім',- мовіў дзядзька.
'Не, яе не ўпросім!
Сказаў Тадэвуш жвава,- надарма чаканне,
Я, дзядзя, выехаць павінен заўтра зрання.
Прашу благаславення вашага ў дарогу,
А там у Княстве я ў сяброў знайду падмогу'.
Суддзя, вус круцячы, гаядзеў на хлопца гнеўна:
