Жаніцца ні кахаць, бо справа ёсць другая!

Падумай толькі, супакойся, дарагая!

Табе я ўдзячны, але нельга мне жаніцца.

Кахаймася здалёк. Старайся з тым змірыцца,

Што я застацца не магу, што ехаць мушу.

Бывай здарова, Талімэна! Заўтра рушу'.

Сказаў, насунуў капялюш, стараўся бокам

Прайсці, ды тут яна яго стрымала зрокам

І тварам, як мядузы галавой. Застацца

Павінен быў і да яе стаў прыглядацца.

Збялелая стаяла ўжо амаль без духу!

Аж вось руку наставіла ў раптоўным руху,

Два пальцы натапырыўшы яму у вочы:

'Я так і знала!- выкрыкнула з цемры ночы.-

Ты з сэрцам яшчаркі, а твой язык - джыгала!

Няхай я Рэенту і Графу 'не' сказала,

А ты зламаў мяне і кінуў сіратою,

Нічога! Ты ж мужчына і з душой пустою,

Дык так, як і ўсе іншыя, да здрадаў звычны,

Але не знала я, што лгун ты злоязычны!

Я пад дзвярыма дзядзькі чула ўсё дакладна.

Дык ты на гэта дзіцянё, на Зосю здрадна

Палюеш! Дык табе адной ахвяры мала!

Душа твая другой каля яе шукала!

Бяжы! Праклён мой пойдзе за табою ўсюды,

Ці заставайся, я твае адкрыю бруды!

Тваім махлярствам больш не будзе ўжо спажывы!

Прэч! Грэбую табой! Ты подлы і ілжывы!'

Ад гэтакай абразы, што век не забыцца,

Якой ніводзін не пачуў яшчэ Сапліца,

Тадэвуш пабялеў, як паступіць, не знае,

Ды ў злосці, тупнуўшы нагой, гукнуў: 'Дурная!'

Пайшоў, ды слова 'подлы' рэха паўтарыла

У сэрцы. Ўздрыгануўся - так было няміла.

Адчуў, што крыўду учыніў ён Талімэне,

Дакорамі ў душы азвалася сумленне,

Але й яна яму цяпер здалася горам!

Пра Зосю, ах! было падумаць нават сорам,

Бо Зося гэткай мілаю была, прыгожай

І хутка жонкаю яго магла б быць, можа,

Каб не ўплятаў яго злы дух у грэх за грэхам,

З маны ў ману, пакуль не кінуў вось са смехам.

Аблаян, зненавіджаны, за дзён тых пару

Жыццё ўсё змарнаваў. Адчуў і грэх, і кару.

У бурах дум, як быццам якар супачынку,

Узбліснуў раптам успамін аб паядынку:

'Забіць трэ' лотру Графа!- ўецца думка злая.-

Загінуць або помсціць!' А за што - не знае.

І гэты гнеў так, як заняўся, ў момант вока

І выветраў. Зноў жаль працяў душу глыбока.

Стаў думаць: 'Дык калі праўдзіва спасцярога,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату