'Дык так ты мне і сэрца адкрываў, напэўна?
Перш паядынак, а пасля ў яго каханне
І выезд гэты. Ой, тут бачу махляванне!
Мне ўжо казалі, я твае праверыў крокі!
Ты - баламут і пуставей, і лгун ты недалёкі!
А ну, расказвай, дзе надоечы бадзяўся,
Што ты ў двары учора вынюхаць стараўся?
Глядзі, Тадэвуш! Збаламучана мо Зося
Табой, і ты ўцякаеш, дык, малакасосе,
Табе не ўдасца гэта - хай і без кахання
Ўсё роўна Зося жонкаю тваёю стане,
А не, дык - бізуна, і заўтра, неадкладна!
Ён аб пачуццях мне яшчэ пляце няскладна!
Ты - лгун! А-фэ! Яшчэ я з гэтай калатушы
Зраблю і следства! Я натру табе йшчэ вушы!
Сягоння клопатаў я меў і так даволі,
Спаць не даеш, мне галава трашчыць ад болю.
І ты йдзі спаць!' тут на дзверы пальцам тыкаў
І распранацца Вознага ў пакой паклікаў.
Тадэвуш выйшаў, не сказаўшы больш ні слова.
Душу яго кранула дзядзькава прамова.
Аблаян ўпершыню так востра! Аж здзівіўся
Праўдзівасці ўсіх закідаў і прыпыніўся:
Як быць, калі да Зосі дойдзе гэта сцэна?
Прасіць рукі? А што тут скажа Талімэна?
Адзіны выхад - гэта месца перамена.
Ў задуме гэткай ледзь зрабіў мо крокаў пару,
Як штось зайшло дарогу. Глянуў - бачыць мару
Уся у белым, тонкай выдала, худою,
Плыла к яму з настаўленай здалёк рукою,
Якую серабрыў бляск месяца ледзь значны,
I, падышоўшы, ціха енкнула: 'Няўдзячны!
Шукаў ты позірку майго і ўжо ўцякаеш,
Размоў шукаў, а зараз вушы затыкаеш!
Скажы мне, ў чым жа гэткіх перамен прычына?
Так мне і трэба! Знала я, хто ты,- мужчына!
Не знаючы какецтва, я не стала мучыць
Цябе і ашчаслівіла. Як гэта вучыць!
Трыумф над мяккім сэрцам вельмі лёгкім здаўся,
Ты - бессардэчны, і з мяне ты насмяяўся!
Такою страшнаю навучаная спробай,
Я пагарджаю, больш чым ты, сваёй асобай!'
'Дальбог, не цвёрдае,- сказаў ён,- сэрца маю,
Табой жа, Талімэна, я не пагарджаю,
Але ты ўзваж сама: за намі сочаць зорка,
Ці можна так адкрыта? Вынікне гаворка,
Ды і грахом з'яўляецца такая ўцеха'.
'Грахом!- сказала Талімэна з горкім смехам,-
Нявінненькі! Ягнятка! Я хоць і жанчына,
Зусім аб тым не дбаю. Гэта не прычына!
Няхай сабе і ўсё адкрыюць, хай зняславяць!
