А сёння, калі Графа ледзь-ледзь не задзелі,
Апошняга з Гарэшкаў, хоць і па кудзелі,
Ты засланіў яго. Калі маскаль стараўся
Мяне забіць, то праз цябе я жыў застаўся.
Дык калі праўда, што ты стаў ксяндзом-манахам,
То ўжо не згінеш пад Сцізорыкавым ўзмахам.
Бывай, не праступлю больш вашага парога,
Цяпер мы квіты, дык пакіньма рэшту Богу!'
Тут Яцак працягнуў руку, але Гервазы
Адскочыў, кажучы: 'Мне нельга без абразы
Крануць рукі тваёй - па гонару законах!
Яна скрываўлена не pro publico bono'.
Дык Яцак на падушкі зноў апаў бяссільна,
Штораз бляднейшы, і пачаў распытваць пільна
Суддзю ізноў, ці пасылалі па плябана,
А Ключніку сказаў: 'Вось я малю васпана
Застацца, зараз скончу, ледзь мне хопіць сілы
Сказаць. Пан Ключнік, я стаю ўжо ля магілы!'
'Што ты,- сказаў Суддзя,- я ж бачыў сам, што рана
Не страшная, а ты так пільна жджэш плябана?
Змяніць мо перавязку? Лекара, быць можа?
Ў аптэчцы ёсць...' Ксёндз перарваў: 'Не дапаможа
Нішто. Была старая рана там з-пад Ены,
А сёння зачапілі, дык і ўсё - гангрэна.
А я на ранах знаюся - вось кроў, як сажа,
Ды гэта глупства ўсё... Дык што тут доктар скажа?
Раз паміраем, здаць цяпер ці потым душу...
Даруйце, пане Ключнік, я закончыць мушу!
* * *
І ў тым заслуга ёсць, не стацца вінаватым
Перад народам, хоць і здраднікам праклятым
Цябе завуць, так як было тады са мною!
* * *
І здрадніка імя ішло за мной чумою.
Знаёмыя са мной не сталі сустракацца,
Сябры мае мяне ўжо сталі выракацца.
Хто баязлівы, той здалёк ледзь прывітаўся.
Ды на'т габрэй які, мужык і той стараўся,
Хоць пакланіўшыся, правесці злосным смехам
А слова 'здраднік' адбівалася ўкруг рэхам
І цэлы дзень ад рання самага да змроку
Вілося прада мной, як пламя ў хворым воку.
Аднак не быў я здраднікам радзімы.
Маскоўскім сябрам гвалтам я пачаў лічыцца.
Зямлі Гарэшкаў частку аддалі Сапліцам
Таргавічаны ды надумалі і ўрадам
Мяне ушанаваць. Каб быў я здольны к здрадам
Чорт радзіў, дык я стаў бы сільны і багаты.
Каб стаў я маскалём, дык першыя магнаты
Маёй шукалі б ласкі. Сын шляхоцкай хаты
І селянін, што землякоў так папракаюць
За службу маскалям, удачлівых не хаюць.
