Хто крыўдзіць цяжка хворага, той моцна грэшыць.
Хачу сказаць такое, што цябе мо ўцешыць:
Калі нябожчык пан мой ранены зваліўся,
А я укленчыў ля яго і нахіліўся
Над ім, мячом крыві кранаючы, і кляўся
Адпомсціць, пан руку ўгару падняць стараўся
І крыж паветраны ў тваім напрамку значыў.
Не мог сказаць, дык знак даў, што табе прабачыў.
Я зразумеў, ды так паддаўся д'яблу злому,
Што пра той крыж ні слова не сказаў нікому'.
Тут мукі хворага размову перарвалі,
І доўгія хвіліны цішыні насталі.
Ксяндза чакаюць. Вось падковы зазванілі
І арандар пастукаў у той самай хвілі:
Пісьмо ёсць важнае, пакажа толькі Яцку.
Дык Яцак перадаў пісьмо Суддзі па-брацку,
Прасіў чытаць. Пісьмо ад Фішара, ад шэфа
Са штаба войскаў Панятоўскага Юзэфа.
Даносіць ён, што ў кесаравым кабінеце
Вайна ўжо вырашана і па цэлым свеце
Ўжо аб'яўляецца. Варшаўскі сейм сабраны
3 удзелам мазаўшан. Народ усхваляваны.
Літва ізноў павінна з Польшчаю злучыцца.
А Яцак, слухаючы, ціха стаў маліцца
Грамнічку пасвянцаную да сэрца ціснуў,
І зрокам абнадзееным у неба бліснуў.
Заліўшыся апошняй радаснай слязою,
Сказаў: 'Цяпер пусці слугу твайго ў спакоі!'.
Усе укленчылі, бо тут жа за парогам
Званок азваўся: ксёндз прыехаў 'з Панам Богам'.
Якраз ужо і ноч рассейваць стала цені -
Ружовыя ўжо беглі праз блакіт праменні.
Праз вокны ўскочылі брыльянтавыя стрэлы
І твар на ложку, ад пакутаў пастарэлы,
Прыгожа ўбралі, золатам акрыўшы скроні,
Што ззяў, нібы святы, у вогненай кароне.
Кніга адзінаццатая. Год 1812
Змест: Вясеннія знаменні.Прыход войскаў. Набажэнства. Афіцыйная рэабілітацыя сеятой памяці Яцка Сапліцы. 3 гутаркі Гервазага з Пратазым можна зрабіць высноеу пра блізкі канец судоеай справы. Заляцанні ўлана да дзяўчыны. Развязваецца спрэчка пра Кусага і Сокала. Пасля гэтага госці збіраюцца на бяседу. Прадстаўленне камандзірам нарачоных пар.
О годзе той, як памятны ты ў нашым краі!
Цябе завуць дагэтуль годам ураджаю
І годам войнаў, і дагэтуль людзі баюць
Пра слаўны год і песні пра яго спяваюць.
Даўно ты быў прадказаны нябесным цудам
І звесткай папярэджаны глухой між людам.
На сэрцы літвіноў напала ў весну гэту
І прадчуванне, нібы прад сканчэннем свету,
І сумна-радаснае нейкае чаканне
I быдла ў полі першы раз вясною ранняй,
Хоць і заморанае голадам, худое,
На рунь не бегла, а лянівай грамадою
Паклалася, ўдыхаючы раллі пах свежы,
