Другой рукою акуляры ускладае

I, з-пад палы дастаўшы кнігу, раскладае.

Завецца кніга тая 'Кухар дасканалы',

А ў ёй дакладна спісаны ўсе спецыялы

Сталоў у Польшчы. Раз у Рыме граф з Тэнчына

Па ёй гасцей прымаў такім раскошным чынам,

Што гэта нават папу Урбана здзівіла.

Пасля па ёй таксама ў князя Радзівіла

Прымалі ў Несвіжы манарха Станіслава.

Там гэтакі быў баль, якога слава

Ў Літве паўсюль й цяпер жыве ў сялянскай казцы.

Што вычытае Войскі, па яго указцы

У момант кухары умелыя рыхтуюць.

Кіпіць работа, пяцьдзесят нажоў шаткуюць.

А кухцікі уюцца, нібы чэрці ў пекле:

Той дровы носіць, той гаршкі, там штосьці секлі,

Лілі ў катлы і на патэльні; дым клубіцца,

Бо нехта з мехам-паддувалам мітусіцца.

А Войскі, каб у печы полымя не згасла,

Сказаў узліць на дровы топленага масла

(Дазволен гэткі збытак у багатым дому).

Пільнуюць кухцікі агню, забыўшы стому,

Другія на ражнах пякуць кускі дзічыны-

Казляціны, аленіны або ласіны.

Там птушкі скубленай уецца пух лятучы,

Ляжаць курэй, гусей, глушцоў, цяцерак кучы.

Курэй было не многа, бо ад той выправы,

Якую ў час наезду Сак зрабіў крывавы

На птушнікі, з былога Зосі валадарства

Не засталося птушкі нават на лякарства,

І не паспела птаства вырасціць нанова

Багатае курмі калісьці Сапліцова.

І так вялікі мяса маецца дастатак,

Сабранага ў двары і звезенага з ятак,

І з лесу, і з суседства, і адкуль трапляла.

Сказаў бы, малака ад птушак не хапала.

Дзве рэчы ў тым банкеце вінны спалучацца

З загаду панскага: дастатак і мастацтва.

Ўзыходзіў ясны дзень святой Мадонны кветнай

Цудоўнаю бясконца раніцаю летняй,

Дзе неба чыстае над соннаю зямлёю

Вісела сінім морам, поўным супакою.

Зор колькі свеціць, як жамчужыны, няярка,

А збоку адзінокая праходзіць хмарка

I, летучы, ў блакіце крылле акунае,

Якое нам анёла ўраз напамінае

Таго, што, на зямлі малітвай прытрыманы,

Спяшаецца цяпер у свой палац туманны.

Ужо на дне нябёсаў перлы зор здрабнелі

І згаслі. Вось чало нябёс яснее ў белі

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату