І правы бок яго ляжыць на мяккіх ценях,
А левы ружавее ў сонечных праменнях,
І круг, нібы павека, ўзносіцца шырока,
А там бялок віднее дзесьці ў цэнтры вока
І зрэнка-радуга. А вось прамень узбліснуў,
Па небе кругльм дзённае святло праціснуў
І ў белай хмарцы залатой стралой павіснуў.
На гэты стрэл - дня знак - агнёў пук цэлы рвецца,
Крыжуецца на небе, ясным светам льецца,
І вока сонца ўсходзіць. Зразу сонна, быццам
Стараючыся жмурыцца ці прыпыніцца,
Ў сем колераў гарыць, і неба раз за разам
Крывавіцца ў рубін, залоціцца тапазам,
Яснее і крышталам свеціцца празрыстым,
Пасля агнём гарыць, блішчыць брыльянтам чыстым
I ўрэшце ззяе зоркай велічнай бясконца -
Вось так самотнае ішло па небе сонца.
Народ літоўскі сёння зрання мітусіцца,
Сабраўшыся з вакольных сёл каля капліцы,
Як быццам для якога цуду аб'яўлення.
Сабраліся сяляне часткай для малення,
А часткаю таму, што ўсіх цікавасць брала
Пабачыць войска, афіцэраў, генералаў -
Тых слаўных камандзіраў нашых легіёнаў.
Якіх народ любіў і памятаў імёны,
Якіх блуканні, бітвы, страты і ўсе справы
Былі евангеллем літоўскім, кнігай славы.
Снуюць вакол салдаты, ходзяць афіцэры;
Народ ледзь можа даць вачам уласным веры,
Што бачыць землякоў у вопратцы вайсковай,
Узброеных і з польскай выпраўкай і мовай.
Ішла імша. Не змесціць дробная капліца
Усіх, дык большасць звонку грамадой цясніцца,
Глядзяць на дзверы ўсе, адкрыты ўсе галовы,
І волас літвіноў жаўтавы ці сталёвы
Залоціцца, як быццам жыта на палетку.
Галоўкі баб, дзяўчат цвітуць між імі зрэдку,
Прыбраныя ў шматфарбных каснікоў палосы,
Ў жывыя кветкі, паўплятаныя у косы,
І так мігцяць, бы ў збожжы васількі, куколі.
Натоўп шматколерны ўкрывае густа поле,
І на званочак серабрысты, гаманлівы
Галовы гнуцца, як ад ветру колас нівы.
Сялянкі сёння к Багародзіцы алтару
Нясуць снапочкі свежых зёлак на ахвяру.
Усё прыбрана кветкамі, дык зеляніцца
Алтар, абраз, а нават ганак і званіца.
А калі ранні ветрык, дзьмухнуўшы з усходу,
Вянкі сарве і кіне на натоўп народу,
