Адзнаку Легіі за працу для народу.

Вось гэта беручы цяпер на ўвагу,

Я тут, рэпрэзентуючы сабой павагу

Улады ваяводскай, гэтым аб'яўляю,

Што ласкай кесара і службаю для краю

Пан Яцак пляму змыў. Зноў будзе і ў пашане

Яго імя, і побач слаўных, чэсных стане.

Дык хто цяпер кране нябожчыка папрокам

За віны даўнія, пакрыгыя ўжо змрокам,

Той панясе належную яму пакуту -

Gravis notae maculae, што па Статуту

Прадбачыцца на ўсіх, нягледзячы на станы.

І кожны можа быць за гэта пакараны,

Бо зараз маем роўнасць, і параграф трэці

Усіх датычыць, што прашу мець на прыкмеце.

І гэтыя, цяпер прыведзеныя факты

Запішуцца, і возны прачытае акты.

А што прыйшла запозна к Яцку ўзнагарода,

Дык гэта чэсці Яцкавай не перашкода.

Калі грудзей яго ўпрыгожыць мы не можам,

Дык ордэн гэты зараз на магілу ўзложым.

Тры дні вісець тут будзе, а пасля ў капліцы,

Як дар для Маці Божай, будзе залаціцца'.

Сказаўшы гэта, выняў ордэн з пакрывала,

І вось на надмагільным крыжыку заззяла

Кукарда, сшытая са стужачкі чырвонай,

І белы зорны крыж пад залатой каронай.

А зоркі супроць сонца так зазіхацелі,

Нібы героя славу несці ў свет хацелі.

Народ тым часам на калені станавіцца,

Каб за ўпакой душы героя памаліцца.

Суддзя чаргой сялян і шляхту - ўсіх дазвання

У Сапліцова запрашае на гулянне.

А два старыя ўселіся на прызбе дома

З паўгарцамі мядку ліповага, вядома,

І ў сад глядзяць, туды, дзе паміж кветак маку

Стаяў улан прыгожы у бліскучым чаку,

Прыбраным бляхай залацістаю і пер'ем;

А побач вочкі сінія к яму з давер'ем

Дзяўчына прыўзняла ў зялёнай, быццам з руты,

Сукенцы. Над травой паненак гурт самкнуты -

Збіраюць кветкі, адварочваюць галовы

Ад маладых, каб ім не перабіць размовы.

Старыя мёд п'юць, табакеркаю ліповай

Частуюцца і забаўляюцца размовай.

'Так, так, Пратазаньку ты мой', - сказаў Гервазы

'Так, так, Гервазаньку ты мой', - сказаў Пратазы

'Ды так, так', - згодна паўтарылі са тры разы

З кіўкамі галавы. Урэшце мовіў Возны:

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату