То льюцца вокал пахі ладана і мёду.
Пасля імшы ў касцёле і пасля казання
З'явіўся правадыр народнага сабрання -
Пан Падкаморы, выбраны на пору гэту
Маршалкам дэлегацыі ўсяго павету.
Быў ён у жупане, скрозь золатам расшытым,
І ў кунтушы з махром ядвабным. Пояс літы
Блішчэў над шабляй з рукаяткай лускаватай,
Пад шыяй ззяў брыльянт на зашчапцы багатай.
Канфедэратка белая, на ёй пук цэлы
Прыгожых рэдкасных чубоў ад чаплі белай.
(А гэткі кутасок чапляюць толькі ў свята,
Бо пёрку кожнаму цана не менш дуката.)
Вось так прыбраны, стаў на ўзгорку ля касцёла,
Салдаты і сяляне сціснуліся ў кола,
А ён прамовіў:
'Аб'явіў нам ксёндз з амбоны,
Што кесар дараваў, па прыкладу Кароны,
Свабоду Княжаству Літоўскаму. Вы чулі,
Што ўлады новую работу разгарнулі,
Агульны сейм збярэцца хутка ўжо ў сталіцы.
Я толькі коратка хацеў бы запыніцца
На справе, што датычыцца сям'і Сапліцаў,
Паноў тутэйшых.
Мы не будзем адракацца,
Вядома ўсім, што некалі рабіў пан Яцак
Калі яго грахі ўся ведае акруга,
То трэба расказаць і пра яго заслугі:
Прысутныя тут нашых войскаў генералы
Прывезлі ў адрас Яцка многія пахвалы.
Пан Яцак не памёр (як гаварылі) ў Рыме,
Але змяніў жыццё сваё і стан, і імя,
І акупіў усе свае старыя віны
Жыццём святым і працай на карысць Айчыны.
Пад Гогэнліндэн, калі Рышпанс паўразбіты
Збіраўся адступаць за радаю ўсёй світы,
Не ведаючы, што надходзіць дапамога,
Ён, Яцак-Робак, небяспечнаю дарогай
Прынёс пісьмо Князевіча да генерала,
Што наша войска тыл варожы акружала.
Пасля ў Іспаніі, дзе польскія уланы
Гор Самасеры бралі пункт умацаваны,
Пры Казетульскім, ён быў ранены два разы!
А потым пераносіў тайныя наказы
У розныя краіны. Выпаўняў заданні
У тайных таварыствах, уздымаў паўстанні.
А потым дома зноў, дзе працы той не кінуў,
Рыхтуючы паўстанне, у наездзе згінуў.
Калі дайшла пра гэта звестка да Варшавы,
Было ўжо там вядома, што для Яцка славы
Ад кесара яму прыслалі ўзнагароду:
