Кажы, ці ўласнай воляй ты к зямлі прыстала,

Ці ўлада ворага цябе тут прыкавала?

Ах, здагадаўся: не інакш, любоўнік злосны

Якісьці пан-багач ці апякун зайздросны

Цябе замкнёнаю трымае ў парку гэтам!

Ты, вартая быць рыцарскіх баёў прадметам

І гераіняю раманаў, эпасаў жалосных,

Даверся мне ў сваіх цяжкіх, магчыма, лёсах,

Я буду збаўцам! Дык валодай жа ў спакоі,

Ты, сэрцаў уладарніца, маёй рукою!'

І выцягнуў руку.

Яна ў румянцы кволым,

Але з абліччам слухала яго вясёлым.

Так за малюнкам дзіцянё вачыма водзіць

І ў водблісках лічыльнікаў гульню знаходзіць,

Перш, чым пазнае вартасць іх; так слых ласкала

Ёй гутарка яго, а змест даходзіў мала.

Дык проста запытала: 'Скуль пан прыбывае?

Чаго, пан дабрадзей, па градах тут шукае?'

Збянтэжыўся, здумеўся Граф, адкрыўшы вочы,

Маўчаў. Пасля сказаў, зірнуўшы ў твар дзявочы,

Інакшым тонам: 'Выбачайце, перашкодзіў,

Відаць, я ў гулях! Ах, я тутка вось праходзіў

На снеданне - пара ўжо, не хацеў спазніцца.

Дарогай, ведама, прыйшлося б мне кружыцца,

А праз гарод, здалося мне, прасцей намнога'.

Яна сказала: 'Вось, ягомасць, тут дарога,

Але не трэба град псаваць, там ёсць ля дрэва

Сцяжынка'. Граф спытаў: 'Направа ці налева?'

Гароднічка, падняўшы вочкі са спакоем,

Старалася уцяміць, што тут ёсць такое,

Бо дом - за крокаў тысячу, як на далоні,

А ён пытае пра дарогу? Ды Граф сёння

Ахвоту меў пагаварыць, шукаў нагоду

Да гутаркі. 'Вы жывяце тут, ля гароду?

Ці ў вёсцы? У двары, чамусьці, я не бачыў

Паненкі. Тут даўно? Прыезджая, няйначай?'

Яна крутнула галавой. 'Прабач, паненка,

Ці панна там жывеш, дзе тое вунь акенка?'

І думаў: 'Што ж, няхай яна не гераіня

Рамансаў, але ёсць чароўнасць у дзяўчыне.

Бывае, мысляў скарб, захованы глыбока,

Як ружа між лясоў, цвіце дзесь адзінока,

А вынесі яго на свет, дзе сонца ззяе,

Адразу тысячамі фарбаў задзіўляе!'

Гароднічка тым часам моўчкі з месца ўстала,

Малое падняла, што больш за ўсіх крычала,

Другое ўзяўшы за руку, ўсім карагодам,

Нібы за гуртам гусак, рушыла гародам.

А азірнуўшыся, сказала: 'Ці не можа

Пан птушак спуджаных сагнаць назад у збожжа?'

'Я - птушак заганяць?'- спытаў Граф са здзіўленнем.

Яна тым часам знікла па-за дрэваў ценем.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату