Хвіліну з-за кустоў, з-паміж зялёных звояў

Яшчэ свяціла штосьці, як бы вочак двое.

Граф доўга ў садзе думаў адзінока,

Душа яго зацягвалася шэрым змрокам

I, як зямля з заходам сонца, астывала.

Хацеў памарыць, але мараў не ставала.

Прачнуўся, сам не ведаў, на каго злаваўся,

На жаль, знайшоў не многа - лішне спадзяваўся!

Бо ў час, калі к пастушцы падпаўзаў загонам,

Гарэла ў галаве, а сэрца біла звонам -

Такую прыгажосць ён у русалцы бачыў

І ўсё вакол цудоўна так тлумачыў!

А ўсё знайшоў інакш: твар, праўда, быў прыгожы,

А стан зусім яшчэ не складзены. Быць можа,

Што тая шчок акругласць і румянца жывасць,

Малюючы яе прасцяцкую шчаслівасць,

Не сведчаць, што спіць думка, сэрца спачывае

Ды вёска ж праз яе адказы праглядае!

'Няма сумнення,- крыкнуў,- я ўжо ўпэўнен цалкам

Гусей пасе мая таемная русалка!'

А са знікненнем німфы чар быў зразу зняты

З усёй карціны той: вось залатыя краты

І стужкі ўміг саломай сталі з каласкамі.

Граф з заламанымі глядзеў цяпер рукамі

На жменьку шэрай, звязанай травой мятліцы,

Што пер'ем страўсавым умела серабрыцца.

А конаўка, што ў дзеўчыны руках так ззяла,

Той Амальтэі рог, звычайнай морквай стала -

Ён бачыў, як дзіця яе жавала хціва.

Дык і расплыўся чар, развеялася дзіва.

Юнак, калі цыкорыі заўважыць кветку,

Што вабіць мяккасцю далонь, і неўзаметку

Дыхне, узяўшы ў рукі, дык з паветра рухам

Рассыплецца ўся тая кветка лёгкім пухам.

І вельмі здзівіцца дапытлівы хлапчына,

Як з кветкі застанецца голая сцябліна.

Граф, капялюш націснуўшы, назад вяртаўся,

Але дарогу ўсё ж пакараціць стараўся:

Па агародніне, праз кветкі, агрэст крочыў,

Аж уздыхнуў, як агароджу пераскочыў.

Прыпомніў, што казаў пра снеданне дзяўчыне

А можа бачыў хто яго а той хвіліне,

Як быў з ёй у гародзе? Мо пачнуць шуканне?

I што падумаюць пра гэткае спатканне?

Вярнуцца выпадала. Дык крадком за плотам,

Праз зелле меж, зрабіўшы сотні паваротаў,

Нарэшце выбраўся шчасліва на гасцінец,

Што проста ў дворны накіроўваўся дзядзінец.

Ішоў ля плоту, ды ад саду твар адводзіў,

Як злодзей ад каморы, у якой нашкодзіў,

Ці думае пабыць у ёй у зручным часе.

Хітрыў Граф, хоць за ім мо сочка не вялася.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату