На выхадзе - прыгожая, з пасагам панна,
Спытаць хацеў я'. Талімэна пабялела,
Злажыла кнігу, паднялася раптам, села.
'Клянуся мамай,- мовіла,- мой пане браце,
Які ж тут сэнс? Дзе ж ваша аб жыцці паняцце?
Дык думаеш Тадэвушу стаць дабрадзеем,
Зрабіўшы юнака такога грэчкасеем?
Завяжаш свет яму, павер, клясці вас будзе!
Такія таленты ў сяле зглуміць, у брудзе!
Павер, ён здольнае дзіця, як я пазнала,
І варта, каб ён свет пабачыў многа-мала.
Брат, добра зробіш, як пашлеш яго ў сталіцу,
Напрыклад, у Варшаву. Ці мо лепш спыніцца
На Пецярбурзе? На зіму туды, быць можа,
Ізноў паеду я. Мо ў гэта падарожжа
Тадэвуша б паслаць? Я там знаёмствы маю,
Уплывы. Гэта ж на карысць было б, я знаю.
З маёй падмогай ён прыняты ўсюды будзе,
А калі важныя яго пазнаюць людзі,
Чын атрымае, ордэн. Ну тады б падацца
Мог і ў адстаўку і дамоў сабе вяртацца,
Здабыўшы і значэнне, і знаёмства свету.
А, брат, як думаеш?' 'Яно, у пору гэту,-
Сказаў Суддзя,- хлапцу праветрыцца шмат значыць,
Паміж людзьмі працерціся і свет пабачыць.
Я сам у маладосці выездзіў нямала,
Быў у Пятркове, ў Дубне. То за трыбуналам
Я палястрантам вандраваў, то зноў па справе
Пабыць мне давялося нават і ў Варшаве.
І скарыстаў не мала! Дык скажу зараней,
Што хлопца выправіў бы ў свет для вандравання,
Як шлюць рамесніка, каб практыкі набраўся,
Няхай бы ён са светам трохі запазнаўся,
А не для ордэнаў і ранг! Прашу прабачыць,
Ну што той ордэн царскі ў нас сягоння значыць?
Які ж у нас з паноў, ні то пгго каб важнейшых,
А толькі так між шляхтай трохі багацейшых
Пра гэту дробязь дбае? Але ж у estymie
Яны ў людзей, бо мы шануем род і імя,
А калі чын, дык земскі, выбарам прызнаны
Грамадскім, а не з нечай ласкі дараваны'.
'Тым лепш,- сказала Талімэна,- дык брат можа
Яго як ваяжыра слаць у падарожжа'.
'Хацеў,- сказаў Суддзя на гэта ў задуменні,-
Ды новыя, сястра, паўсталі затрудненні.
Пан Яцак не спускае з-пад апекі сына
І мне прыслаў якраз на карак бернардына
Рабака. Ён прыбыў з-за Віслы, з-за Варшавы,
Прыяцель брата, ведае ўсе нашы справы.
Яны рашылі аб Тадэвушавым лёсе
