Прашу не гневацца. Што ж, ваша, я з тым згодзен,
Пярэчыць мае права; дык размовы годзе
Пра гэту справу. Я пытаў па просьбе брата.
Ганьбуеш, ваша, маладога, дык для свата
Цяпер пісьмом даць звестку Яцку застаецца,
Што Зося за Тадэвуша не аддаецца.
Цяпер сам буду дзейнічаць, мо з Падкаморым
Сватоўства распачнём і справу абгаворым'.
Праз той час Талімэне трохі астывала
'Памалу, браце, я зусім не ганьбавала!
Брат сам казаў, што ранавата ім пабрацца,
Дык пачакайма, паглядзім, чаго ж спяшацца?
Вось пазнаёмім маладых і асцярожна
Разважым. Шчасцем іх рызыкаваць не можна.
Прашу аднак вас, пане браце, устрымацца
З намовамі яго у Зосю закахацца,
Бо сэрца не нявольнік, не прызнае пана
І ў кайданы сілком не можа быць скавана!'
Затым Суддзя ў задуме ад яе падаўся.
З другога боку пан Тадэвуш набліжаўся,
Від робячы, што грыб яго ў глыб лесу зводзіў.
І Граф у гэтым жа напрамку падыходзіў.
У той час, як Суддзя сядзеў тут з Талімэнай,
За дрэвам Граф стаяў. Задзіўлены той сцэнай,
Дастаў з кішэні алавік, лісток паперы,
Што пры сабе насіў, і, мастакоў манерай
Апёршыся на ствол, заняўся пільна маляваннем,
Гаворачы з сабой: 'З такім вось згрупаваннем
Не часта стрэнешся: яна ў траве, а ў пары
З ёй ён на камені - кантраставыя твары,
Тыповыя галовы!'
Падыходзіў бліжай,
Спыняўся, цёр ларнет і вочы, гнуўся ніжай
І ўсё глядзеў: 'Няўжо ўсе цені, фарбы, ўзбліскі
Загінуць, зменяцца, калі падыдзеш блізка?
Той аксаміт травы абернецца ў бацвінне,
І ўбачыш, што русалка - проста ахмістрыня?'
Хоць Граф і перад гэтым з Талімэнай знаўся,
Бо з ёю у Суддзёвым доме сустракаўся,
Ды ўвагі асаблівай не звяртаў, бывала,
Дык дзіву даўся, што яна мадэллю стала
Яго малюнку. Месца пышнасць, густ убрання
Змянілі выгляд памятны яму да-звання.
Яшчэ гарэлі вочы непатухшым гневам,
А твар, ажыўлены лясных вятроў павевам,
Размоваю з Суддзём, з'яўленнем хлопцаў гожых,
Стаў шмат свяжэйшым, больш румяным і прыгожым.
'За смеласць,- Граф сказаў,- прашу прабачыць, пані.
Прыходжу перапрошваць і нясу прызнанні:
Прашу прабачыць, што сачыў я пані крокі,
І дзякую, пгго сведкам дум быў адзінокім.
Я так зняважыў! Вінаваты вельмі многа!
Я ж перашкодзіў думкам, ды, сваёй дарогай,
