Натхненне зведаў. Гневайся на чалавека,
Ды мастаку даруй, усцеш сваёй апекай!
Адважыўся на шмат, ды болыпае наважыў:
Судзі!'- укленчыў і падаў свае пейзажы.
Судзіла Талімэна малявання спробы
З прыхільнасцю мастацтвы знаючай асобы:
Хваліла скупа, а ахвоты паддавала.
'Віншую, Граф,- сказала,- таленту не мала!
Адно не закідай, пан! Асабліва трэба
Шукаць красы ў натуры. Шчаснае ты, неба
Італіі! Сады цазараў, руж прынады,
Класічныя на вечным Тыбры вадаспады
І Паўзыліпа страшныя пячоры, скалы!
Вось, Граф, дзе край мастацтва! А наш край адсталы!
Дзіця муз, зданае ў Сапліцаве на мамкі,
Памрэ напэўна. Граф, я ўстаўлю гэта ў рамкі,
Або ўлажу ў альбом. Малюнкі я збіраю
Даўно і многа іх у бюрку ўжо хаваю'.
І павялі размову пра блакіты, горы,
Пра водары вятроў, пра шумы хваль у моры,
Прымешваючы ўсцяж, турыстаў злым звычаем,
То тут, то там насмешкі, жарт над родным краем.
А ў той жа час ля іх ва ўсёй красе бясконцай
Літоўскія лясы шумелі ў бляску сонца.
Чаромхі, пасплятаныя вянкамі хмелю,
Рабіны, што румянцам маладым гарэлі,
Ляшчына ў зелені жазлоў, нібы мянада,
Уся ў арэхах, як у гронках вінаграда.
А нізам песціцца з шыпшыннікам каліна,
І туліць да малін свой чорны твар ажына.
Кусты і дрэвы лісцем рукі працягнулі,
Як хлопцы і дзяўчаты, распачаўшы гулі
Навокал пары маладых. А ў гэтым коле
Ёсць пара, што ўзвышаецца над наваколлем
Высмукласцю і колераў сваіх прывабам,-
Бяроза белая, нявеста, з мужам-грабам.
А рэшта, як старыя, на дзяцей і ўнукаў
Глядзяць маўкліва: тут паважных колькі букаў,
Там цёткі-топалі і, мохам барадаты,
Дзед-дуб, што пяць вякоў усклаў на хіб гарбаты.
Стаіць ён, быццам на слупах грабніц разбітых,
На скамянелых трупах продкаў знакамітых.
Тадэвушу размова доўгая задзела
Таму, што ён не мог прымаць у ёй удзелу.
А як пачуў чужой прыродзе гімн няспынны,
Калі расхвальваліся поўдня ўсе расліны:
Лімоны, кіпарысы, апяльсін, мігдалы,
Альвасы, кактусы, магоні ды сандалы,
Павой, гарэхі, нават фігі і масліны -
За надзвычайныя іх кветкі і сцябліны,
Тадэвуш больш яшчэ стаў гневам загарацца
І ўрэшце ўжо ад злосці сіл не меў стрымацца.
Быў ён прасцяк, ды з сэрцам чулым і уменнем
