І хочуць, каб Тадэвуш ажаніўся з Зосяй,
Васпані выхаванкай. Мелі б ва ўладанні,
Апроч маёй фартункі, Яцкавы ўкладанні
У капіталах. Ваша, ведаеш, што мае
Ён капітал, грош не малы ў мяне трымае
І можа ім распараджацца. Ваша, зможаш
Усё абмеркаваць, ці справе дапаможаш.
Іх трэба пазнаёміць. Можа ранавата
Для Зосі замуж, ды не шкодзіць гэта сватам.
Пара б ужо нам Зосі не трымаць у хаце,
Бо, мабыць, вырасла яна ўжо з дзіцяняці'.
А Талімэна ў сполаху і ў задзіўленні
Прыпадымалася, устала на калені,
Перш пільна слухала, пасля далоні рухам
Пярэчыла, рукой махаючы над вухам
I, быццам мух, зганяючы за словам слова
Назад прамоўцы ў вусны.
'А вось гэта нова!
З чаго Тадэвуш будзе ў выйгрышы ці ў шкодзе,-
Сказала з гневам,- думай сам, васпан дабродзей,
Бо мне ён што? Як хочаце аб ім судзіце,
Зрабіце аканомам ці ў карчму садзіце,
Хай шынкаруе ці звярыну з лесу носіць,
З ім вы што хочаце рабіце, але... Зосі!
Васпанству што да Зосі? Я, без умяшання,
Яе рукой кірую! Што на выхаванне
Яе даваў пан Яцак грошы, што выплачваў
Ёй пенсійку, што, быццам, большую назначыў,
То не купіў яшчэ яе! Для вас сакрэту
Няма, і ведама ўсяму наўкола свету,
Што вашы шчодрасці для нас не без прычыны,-
Гарэшкам жа Сапліцы тое-сёе вінны!'
(Суддзя канец прамовы выслухаў на дзіва
Збянтэжана, у жалі і амаль гідліва,
Нібы баяўся слоў далейшых, накланіўся,
Рукой патакваў, але твар крывёй наліўся.)
'Я ёй сваячка,- Талімэна так казала,-
Я апякунка, Зосю я узгадавала,
І клопат толькі мой аб выхаванкі лёсе!'
'А мо знайшла б у тым замужжы шчасце Зося?-
Сказаў Суддзя, падняўшы зрок.- Мо Тадавушка
І ўпадабала б?' 'Гэта - на вярбе ігрушка.
Палюбіць, не палюбіць - гэта мала важна!
Хоць Зося і не будзе вельмі ўжо пасажнай,
Ды не з абы сяла яна, абы шляхцянка:
Яна - з яснавяльможных і ваявадзянка
Ад маці Гарашчанкі! Мужа ўміг дастане!
Мы ж так стараліся, каб даць ёй выхаванне!
Хіба б здзічэла тут'. Суддзя ўсё пільна слухаў,
У вочы гледзячы, пасля сабраўся з духам
І весела сказаў: 'Ну што ж, сястрыца,
Бог бачыць, шчыра я хацеў дагаварыцца,
