Над алебастрам распасцёртага рамана
Вілася косаў смоль істужкай пасплятана.
У травы смарагдзе, на крываўнікавым шалі,
У доўгай сукні - яснай пляме на карале,
З канца якой блішчэў прычоскі кок вялікі,
А на другім канцы чарнелі чаравікі
І ззяла бель між імі рук, панчошак, твару,
Яна была зусім, як вусень, што з гушчару
Павольна выпаўз на кляновы ліст. Ды толькі
Малюнка гэтага краса, прынадаў столькі
Дарма чакалі знатакоў - ніхто не гляне
Ў той бок, так захапіла ўсіх грыбоў збіранне.
Аднак Тадэвуш наглядаў, пастрэльваў вокам
І ледзь прыкметна пачынаў збліжацца бокам,
Як паляўнічы, што ў рухомай з голля будцы
Стараецца на колцах к дрофам падцягнуцца
Ці, севак ловячы, канём сябе прыкрые,
Ідзе каля сядла, або пад конскай шыяй
І быццам барануе ці мяжой праходзіць,
А сам што раз бліжэй да птушак падыходзіць.
Так краўся і Тадэвуш.
Мусіў запыніцца
Аднак, бо вось Суддзя збліжаўся да крыніцы.
Гулялі з ветрам полы апранахі белай
І хустка, што канцом на поясе вісела,
А саламяны брыль, падвязаны за вухам,
Хістаўся, як лапух, услед за кожным рухам,
То ападаючы на плечы, то на вочы.
Вось гэтак з посахам Суддзя палянай крочыў.
Перш чым прысесці, к Талімэне прыступіцца,
Нагнуўся, рукі вымыў з берага ў крыніцы,
Апёрся на слановай булдавешцы кія,
На камень сеў і словы стаў казаць такія:
'Бач, ваша, з часу, як да нас прыбыў у госці
Тадэвуш, неспакой мяне гняце чагосьці.
Я сам стары, бяздзетны, гэты ж вось хлапчына
Усяго маёй уцехі, і такім вось чынам
Майго багацця ён наследнік. З ласкі неба,
Пакіну неблагі яму кавалак хлеба.
Пара падумаць пра яго усталяванне,
Ды толькі вось на клопат мой хай ваша гляне:
Мой брат, пан Яцак, бацька Тадавушкаў, знаеш,
Які дзівак,-яго намераў не згадаеш.
Вандруе і не хоча да сваіх вяртацца,
Не хоча сыну нават, што жыве, прызнацца,
А ўсё кіруе ім. То ў легіён меў планы
Яго паслаць... Я гэтым быў засумаваны
І ледзь дабіўся згоды, каб застаўся ён тут дом
І ажаніўся. Ажаніўся б ён, вядома,
Я пару ўжо нагледзеў. У ва ўсёй акрузе
Для Падкаморага па знатнасці, заслузе
Няма раўні. Старэйшая іх дочка Ганна
